FT: Украіна ператварыла Wildberries у слабае месца Пуціна
- 25.07.2026, 10:07
Шкода ад удараў велізарная.
Расійская група анлайн-рытэйлу Wildberries пераконвала крэмлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, што можа быць нечым большым, чым проста расійскі адказ Amazon. Яна таксама «магла б кінуць выклік узначаленай ЗША плацежнай сістэме па ўсім свеце».
Але пасля таго як за апошні тыдзень украінскія ўдары паразілі пяць складоў кампаніі, Wildberries замест гэтага ператварылася ў яшчэ адно ўразлівае месца ў ваеннай эканоміцы расійскага прэзідэнта, піша Financial Times.
Атакі — частка новай украінскай кампаніі, якая ў значнай ступені выкарыстоўвае айчынныя дасягненні ў тэхналогіях дальнабойных дронаў, каб прынесці наступствы пуцінскага ўварвання, што доўжыцца ўжо пяты год, у дамы звычайных расіян.
Украінскія ўдары пашкодзілі расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў самым сэрцы Масквы і нават у далёкай Сібіры, прымусіўшы аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў энерганосьбітаў увесці нармаванне на запраўках і імпартаваць паліва, піша СМІ.
Цяпер атакі на сектар электроннай камерцыі Расіі пагражаюць перавярнуць адну з найбуйнейшых кампаній краіны, якая летась адрапартавала пра абарот у 6,1 трлн рублёў і ў 2024 годзе прапанавала Пуціну смелы план глабальнай экспансіі, заяўляюць журналісты.
Wildberries — платформа мас-маркета, скіраваная на ключавы электарат Пуціна: расіян з нізкімі даходамі, што жывуць па-за межамі Масквы і Санкт-Пецярбурга. Яе сетка пунктаў выдачы цягнецца ў малыя гарады і вёскі, дзе яны сталі аднымі з галоўных цэнтраў мясцовага жыцця. Паведамляецца, што ўдары, якія пачаліся ў мінулую суботу, знішчылі таварныя запасы на некалькі мільярдаў долараў у пажарах, што ўзнялі гіганцкія слупы чорнага дыму над гарадамі ў пяці расійскіх рэгіёнах.
Падчас апошняй атакі украінскія дроны паразілі аб'ект Wildberries у Ленінградскай вобласці паблізу Санкт-Пецярбурга, выклікаўшы маштабны пажар. Губернатар рэгіёна Аляксандр Драздзенка пацвердзіў атаку.
У гэтых атак на Wildberries ёсць тлумачэнне
Аляксандр Каляндр, дырэктар Eurasia Group, адзначыў, што эканамічная шкода выйдзе за межы страчаных таварных запасаў. «Страта тавараў разорыць тысячы гандляроў, што прывядзе да нявыплаченых падаткаў, дэфолтаў па крэдытах і таму падобнага», — заявіў ён, дадаўшы, што ўдары пазбавяць дзяржаву дзесяткаў мільярдаў рублёў падаткаў ад буйнага падаткаплатніка.
Украіна абгрунтавала атакі як адплату за расійскія ўдары па складах «Новай пошты» — украінскай прыватнай паштовай службы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што лагістычная сетка Wildberries выкарыстоўвалася для забеспячэння расійскай арміі «кампанентамі дронаў, навігацыйным абсталяваннем і іншым рыштункам».
Хоць прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў гэта адмаўляў, прадаўцы на платформе Wildberries прапануюць тавары, якія могуць выкарыстоўвацца для вырабу баявых дронаў або ў якасці базавага забеспячэння для салдат на фронце — напрыклад, бранежылеты і шлемы, гаворыцца ў матэрыяле.
Гэтыя тавары, многія з якіх імпартуюцца з Кітая і падпадаюць пад заходнія палажэнні аб прадукцыі двайнога прызначэння, папулярныя сярод нізавых прыхільнікаў вайны, якія збіраюць сродкі на экіпіроўку расійскіх войскаў і будуюць прымітыўныя дроны ў межах «народнага ваенна-прамысловага комплексу».
Пераважная большасць тавараў, што прадаюцца на Wildberries, якая пабудавала сваю рэпутацыю як анлайн-рытэйлер адзення, скіраваны на жанчын, не маюць ваеннага прымянення.
Шкода велізарная
Першыя чатыры ўдары знішчылі каля 444 000 квадратных метраў, або 8% складскіх плошчаў Wildberries, паводле расійскіх СМІ. Аднаўленне складоў можа абысціся кампаніі прыкладна ў 36 млрд рублёў. Шматлікія малыя прадпрыемствы, што прадаюць свае тавары на Wildberries, якая кантралюе амаль палову расійскага рынку электроннай камерцыі, страцілі свае запасы ў выніку ўдараў.
Першы ўдар — па складах у Электрасталі каля Масквы і Котаўску на поўдні — сам па сабе мог знішчыць таварныя запасы на суму ад 150 да 235 млрд рублёў, што супастаўна з чыстым прыбыткам Wildberries у 175 млрд рублёў за 2025 год. Прадаўцы Wildberries публікавалі эмацыйныя відэа ў Instagram, распавядаючы, што іх бізнес быў знішчаны за адну ноч.
«Прама цяпер на складзе гараць 4000 маіх шуб коштам больш за 20 млн рублёў. Што я магу зрабіць, каб дапамагчы сабе? Нічога», — гаворыцца ў подпісе да відэа адной прадаўшчыцы, што стаіць на ўзбочыне дарогі, за спінай якой падымаецца слуп дыму.
Расійскія прадаўцы застаюцца ні з чым
Адна заснавальніца касметычнага брэнда паведаміла, што страціла ў выніку ўдараў 1 млн рублёў. «Я не магу супакоіцца. Я ў шоку. Кожны прадпрымальнік у шоку. У мяне не засталося сіл, — напісала яна ў Instagram. — Мы толькі з навін даведаліся, што калі нешта ўзарве склад, нам ні халеры не кампенсуюць».
І гэта сапраўды так, бо менш чым за два тыдні да першых удараў Wildberries змяніла свае ўмовы, класіфікаваўшы атакі дронаў як форс-мажор і зняўшы з сябе любыя абавязкі па кампенсацыі гандлярам за страчаныя тавары.
Па меры нарастання грамадскага абурэння Таццяна Кім, саўзаснавальніца і генеральная дырэктарка Wildberries, заявіла, што страхоўшчыкі не жадаюць пакрываць шкоду ад атак дронаў, але паабяцала кампенсаваць страты 88 000 прадаўцоў, якіх яна назвала «найбольш дробнымі і найменш абароненымі» прадаўцамі Wildberries.
Па словах Кім, праграма будзе выплачваць прадаўцам сродкі так, як калі б знішчаныя тавары працягвалі прадавацца з той жа хуткасцю і па той жа цане, што і да атак дронаў.
Але прадаўцы ў групавых чатах у мэсэнджары Telegram скардзіліся, што выплаты складаюць толькі нязначную долю кошту іх знішчаных запасаў. Адзін прадавец напісаў, што Wildberries выплаціла яму ўсяго 37 000 рублёў пасля таго, як ён страціў тавараў на 1,5 млн рублёў у пажары ў Электрасталі.