BE RU EN

ЕС дазволіў прадаваць канфіскаваную нафту з Расіі

  • 25.07.2026, 15:42

Пад удар трапілі танкеры «ценявога флоту», якія абыходзяць санкцыі.

Еўрасаюз у рамках 21-га пакета санкцый ухваліў механізм, які дазваляе дзяржавам-членам канфіскоўваць і прадаваць расійскую нафту з суднаў «ценявога флоту», што спрабуюць абыходзіць санкцыі блоку. Адпаведная пастанова Рады ЕС апублікаваная ў «Афіцыйным часопісе ЕС». Як патлумачыў высокапастаўлены чыноўнік Еўракамісіі ў размове з Euractiv, новае палажэнне дае дзяржавам-членам права канфіскоўваць грузы з танкераў пасля іх затрымання падчас марскіх аперацый. Выданне ўдакладняе, што ідзе гаворка не толькі пра нафту, але і пра збожжа. Сродкі, атрыманыя ад продажу, не падлягаюць перадачы расійскім фізічным або юрыдычным асобам, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Акрамя механізму канфіскацыі, 21-ы пакет санкцый уключае замарозку цэнавага ліміту на расійскую нафту на ўзроўні $44 за барэль тэрмінам на год. Дакумент забараняе кампаніям ЕС прадастаўляць паслугі, уключна са страхаваннем, танкерам, якія прадаюць нафту вышэй за ўстаноўлены парог. Паводле ацэнак Еўрасаюза, гэта абыдзецца Крамлю ў $3,5 млрд страчаных даходаў на працягу наступнага года — пры ўмове цаны Urals у $60 за барэль. Аднак на пачатку ліпеня Urals гандлявалася каля $50, а пасля аднаўлення вайны ЗША супраць Ірана вырасла да $80 за барэль, адзначае Euractiv.

Цяпер у чорны спіс ЕС унесены больш за 670 танкераў пад замежнымі сцягамі, якія, як мяркуецца, перавозяць расійскую нафту ў абыход усталяваных абмежаванняў. Новы механізм істотна пашырае магчымасці еўрапейскіх вайскоўцаў, якія раней маглі толькі спыняць такія судны для праверкі.

У сакавіку Бельгія затрымала ў Паўночным моры танкер з прыкладна 330 тыс. барэляў нафты, кошт якой па бягучых цэнах можа дасягаць $26 млн. У чэрвені Францыя затрымала іншае судна з 600 тыс. барэляў ($48 млн) адразу пасля яго пагрузкі ў Мурманску. 20 ліпеня, як паведаміла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Каллас, у Міжземным моры еўрапейскія службы бяспекі падняліся на борт звязанага з Расіяй судна MV South Star для праверкі сцяга. «Кожны незаконны рэйс дапамагае падтрымліваць расійскую ваенную машыну. Мы падмацоўваем нашы санкцыі дзеяннямі на моры», — адзначыла Каллас.

Апошнія навіны