BE RU EN

The Sun: Украіна знайшла ўразлівае месца рэжыму Пуціна

  • 25.07.2026, 22:31

Удары па лагістычных цэнтрах выклікаюць незадаволенасць сярод расіян.

Украінскія ўдары па лагістычнай інфраструктуры найбуйнейшага расійскага маркетплэйса Wildberries могуць мець для Расіі такія ж цяжкія эканамічныя наступствы, як і ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта піша брытанскае выданне The Sun.

У публікацыі гаворыцца, што за апошнія дні ўкраінскія беспілотнікі пашкодзілі або знішчылі некалькі лагістычных комплексаў Wildberries у розных рэгіёнах Расіі. Выданне адзначае, што гэтыя атакі не толькі нанеслі шкоду канкрэтнай буйной кампаніі, але і парушылі працу значнай часткі расійскага дробнага бізнесу, які залежыць ад маркетплэйса, а таксама стварылі праблемы для паўсядзённага гандлю па ўсёй Расіі.

Апытаныя выданнем эксперты лічаць, што новая тактыка мае не толькі ваенны, але і псіхалагічны эфект.

«Украінцы дасягнулі надзвычайнага і нечаканага поспеху, і гэта павольна, крок за крокам, падрывае падтрымку рэжыму», – адзначыў брытанскі эксперт Марк Галеотти.

Аналітык Натыя Сескурыя, словы якой цытуе выданне, назвала гэтую кампанію новым этапам украінскай стратэгіі. Паводле яе ацэнкі, удары па лагістычных цэнтрах могуць істотна паўплываць на жыццё звычайных расіян.

«Гэта вельмі разумная стратэгія з боку Украіны… яна акажа значны ўплыў на расійскія дамашнія гаспадаркі», – сказала яна.

Аўтары артыкула таксама звяртаюць увагу на рэакцыю расійскага грамадства. Пасля атак у сацсетках з’явіліся шматлікія скаргі прадпрымальнікаў, якія страцілі тавар і крыніцы даходаў. Частка карыстальнікаў адкрыта абвінавачвае ўлады ў няздольнасці абараніць крытычную інфраструктуру, што, на думку экспертаў, з’яўляецца нетыповай з’явай для Расіі.

Апытаныя эксперты таксама адзначаюць, што наступствы удараў па Wildberries разам з іншымі праявамі пагаршэння эканамічнай сітуацыі паглыбляюць незадаволенасць насельніцтва напярэдадні восеньскіх парламенцкіх выбараў і ствараюць для Крамля дадатковыя палітычныя рызыкі.

«На полі бою сітуацыя заставалася даволі статычнай на працягу трох–чатырох гадоў, але пачатак гэтай прамой кампаніі супраць расійскай эканомікі аказаўся больш паспяховым», – кажа былы вайсковы аташэ Вялікабрытаніі ў Расіі Джон Форман.

Ён выказаў здагадку, што ў далейшым патэнцыйнымі мэтамі могуць стаць цэнтры апрацоўкі дадзеных або вузлы сувязі, калі гэта дазволіць яшчэ больш запаволіць працу расійскай ваеннай машыны і створыць Крамлю новыя праблемы.

Апошнія навіны