Пажары ў Францыі прывялі да эвакуацыі 220 тысяч чалавек
- 26.07.2026, 11:21
Агонь пагражае гораду Бардо.
Французскія ўлады паведамілі ў нядзелю, што на дадзены момант 220 000 чалавек былі эвакуяваныя з раёна буйнога ляснога пажару, які бушуе на паўднёвым захадзе краіны і цяпер пагражае гораду Бардо.
Пра гэта паведамляе France24.
Па дадзеных рэгіянальных уладаў, апошнія эвакуацыі прайшлі ў вёсках вакол Бардо, а 60 кіламетраў галоўнай аўтамагістралі A63, якая злучае Бардо з іспанскай мяжой, былі закрытыя з-за пажараў.
Яшчэ дзесяткі тысяч чалавек былі эвакуяваныя з-за іншых лясных пажараў у Францыі і цэнтральнай Іспаніі.
Вялікі пажар, што бушуе на паўднёвым захадзе Францыі, «будзе лакалізаваны толькі праз працяглы час», заявіў міністр унутраных спраў Лоран Нуньес у інтэрв'ю, апублікаваным у нядзелю газетай La Tribune.
Ён дадаў, што эвакуяваныя жыхары і турысты «не змогуць вярнуцца» да таго часу, пакуль пажар не будзе лакалізаваны.
Рэгіянальная прэфектура паведаміла, што пажар ужо знішчыў каля 42 000 гектараў зямлі, што робіць яго адным з найбуйнейшых у Францыі з часоў Другой сусветнай вайны. Пажар 1949 года знішчыў каля 50 000 гектараў.
Таксама стала вядома, што да барацьбы са стыхійным бедствам з вечара суботы прыцягнуць 1500 вайскоўцаў.