У Гродне жанчыне давялося зрабіць ДНК-тэст, каб даказаць мацярынства
- 26.07.2026, 14:35
Нетыповая гісторыя мае сваё тлумачэнне.
У Гродне жанчыне давялося звярнуцца да судова-медыцынскіх экспертаў, каб пацвердзіць мацярынства. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.
Звычайна ДНК-тэсты для таго, каб пацвердзіць бацькоўства, робяць мужчыны. Нечакана звярнуцца да такой працэдуры давялося і жанчыне з Гродна. У камітэце судовых экспертыз яна патлумачыла, што праблема ўзнікла з-за таго, што яе дачка нарадзілася дома. У выніку ў сям'і няма даведкі з медыцынскай установы і пасведчання аб нараджэнні дзіцяці. З-за адсутнасці патрэбных дакументаў дзяўчынку не прынялі ў установу адукацыі.
Эксперты правялі генетычнае даследаванне і пацвердзілі: жанчына сапраўды маці дзяўчынкі.
— Генетычная экспертыза ў такіх выпадках застаецца адзіным спосабам усталяваць ісціну, — рэзюмуе Марыя Лешык, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення ДКСЭ па Гродзенскай вобласці. — Судовыя эксперты дапамагаюць развеяць сумненні, пацвердзіўшы бацькоўства або мацярынства.
Яна таксама адзначыла, што па заявах грамадзян ДНК-даследаванні могуць праводзіцца, у тым ліку і ананімна.