Сілавікі заявілі пра раскрыццё «маштабнай карупцыйнай схемы»
- 27.07.2026, 10:17
Затрыманыя 44 чалавекі.
Супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінска затрымалі 44 чалавекі ў межах маштабнай карупцыйнай справы, паведаміла МУС.
Ідзе гаворка пра службовых асобаў прадпрыемстваў аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, ЖКГ, будаўніцтва, транспарту, адукацыі і іншых галін. Затрыманым ад 31 да 65 гадоў.
Паводле звестак следства, затрыманыя атрымлівалі ўзнагароджанні ад удзельнікаў тэндэраў у абмен на гарантаванае прасоўванне іх камерцыйных інтарэсаў.
У прыватнасці, яны забяспечвалі выбар гэтых удзельнікаў у якасці пастаўшчыкоў будаўнічых матэрыялаў, электраабсталявання і запчастак, кантралявалі своечасовую аплату паставак.
Агульная сума хабараў склала больш за 750 000 рублёў.
Арганізатарам схемы ў МУС назвалі заснавальніка некалькіх фірмаў. Паводле звестак следства, ён распрацаваў механізм размеркавання выплат, уключна са спецыяльнай формулай разліку сум узнагароджанняў. Перадаваць хабары яму дапамагалі падначаленыя.