У ЗША арыштавалі элітную кватэру расійскага кампазітара Ігара Крутога
- 27.07.2026, 12:25
Яго падазраюць у махлярстве.
У Маямі арыштавана элітная кватэра кампазітара Ігара Крутога. Паводле звестак расійскіх тэлеграм-каналаў, нерухомасць коштам каля 14 млн долараў апынулася пад забаронай на продаж і пераафармленне з-за падазрэнняў уладальніка ў махлярстве.
«Кватэру Ігара Крутога ў Маямі арыштавалі — праз абвінавачанні кампазітара ў махлярстве», — паведамляе тэлеграм-канал Mash. З публікацыі вынікае, што плошча кватэры — 450 квадратных метраў. Яе кампазітар набыў за 7,5 млн долараў. Утрыманне жылля абыходзіцца прыкладна ў 140 тысяч долараў у год.
Канфлікт цягнецца з 2017 года. На той момант прадпрымальнік Алег Бурлакоў вырашыў набыць гэтую нерухомасць праз траставы фонд для сваіх спадкаемцаў. Аднак пасля яго смерці ад каранавірусу ў 2021-м здзелка так і не была завершаная. Сваякі прадпрымальніка — яго сястра і дачкі — абвінавацілі сям'ю Крутога ў махлярстве: паводле іх версіі, сродкі за жыллё былі пералічаныя, але пераход права ўласнасці аформлены не быў. Восенню 2025 года суд у ЗША наклаў арышт на апартаменты, забараніўшы іх продаж, дарэнне і пераафармленне, але пакінуўшы магчымасць здачы ў арэнду.
Адзначым, яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Крутой неаднаразова дэманстраваў прарасійскую пазіцыю. У жніўні 2015 года яго ўнеслі ў «Міратворац». Сярод прычын называліся незаконнае наведванне акупаванага Крыму, адмаўленне расійскай агрэсіі і папулярызацыя расійскага акупацыйнага рэжыму.