У Віцебску прадаюць адразу дзевяць крамаў вядомай сеткі
- 27.07.2026, 20:29
Набыць гандлёвыя аб’екты паасобку не атрымаецца.
У паўночнай сталіцы Беларусі выстаўілі на аўкцыён дзевяць крамаў мясцовай сеткі «Віцебскія прадукты».
Яна належыць буйнаму дзяржаўнаму прадпрыемству — ААТ «Віцебскмясамалпрам».
Усе аб’екты прадаюцца адным лотам, паведамляе выданне «Віцьбічы». Іх агульная плошча перавышае 9,4 тыс. м2.
Набыць дзевяць крамаў можна за 30,2 млн, або каля $10,5 млн. Пры гэтым новы ўласнік атрымае не толькі нерухомасць, але і ўсё абсталяванне, неабходнае для працы гандлёвых аб’ектаў.
Аднак купля запатрабуе і дадатковых выдаткаў. Будучаму ўладальніку давядзецца кампенсаваць прадаўцу больш за 135,5 тыс. выдаткаў на незалежную ацэнку, перадпродажную падрыхтоўку і рэгістрацыю маёмасці.
Гэта ўжо не першы маштабны продаж камерцыйнай нерухомасці ў Віцебску за апошні час.
Так, у гэтым годзе змянілі ўладальнікаў яшчэ сем гандлёвых аб’ектаў, якія раней належалі сталічнай кампаніі «Премьерлизинг», якая знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.
За ўсе крамы агульнай плошчай 10 тыс. м2 выручылі 21,3 млн.
Найбольш напружанымі сталі таргі за шматфункцыянальны комплекс на вуліцы Багатырова і ўніверсам на вуліцы Праўды. За кожны аб’ект змагаліся па 12 удзельнікаў, а выніковы кошт аказаўся на 75–80% вышэй за стартовы.
Першая крама была прададзена за 2,1 млн, а другая — за 3 млн.