Брэсцкае «Дынама» выйшла на матч Кубка з намаляванымі з балончыка нумарамі
- 27.07.2026, 20:58
У клубе распавялі, чаму каманда з Брэста гуляла ў такой форме.
Брэсцкае «Дынама» з’явілася на полі ў матчы 1/8 фіналу Кубка Беларусі у трэніровачных футболках, на якіх нумары былі нанесеныя фарбай з балончыка. Прычынай стала тое, што «Славія» вырашыла гуляць у гасцявым камплекце белага колеру, а на асноўным камплекце брэсцкага клуба нумароў на спіне не было. Прыдумалі крэатыўнае рашэнне і нанеслі нумары на трэніровачную форму каманды.
Матч завяршыўся хатняй перамогай «Славіі» з лікам 2:1. Мазырскі клуб прайшоў у чвэрцьфінал, пераможным для «арлоў» стаў гол, які Андрэй Салавей забіў на 38-й хвіліне.
Onlíner звязаўся з прэс-сакратаром брэсцкага «Дынама» Яўгенам Раманюком і даведаўся, чаму госці выйшлі на матч у трэніровачным камплекце формы.
— Калі стала вядома пра праблему з формай і чаму не ўдалося дамовіцца са «Славіяй»?
— Звычайна такія рэчы ўзгадняюцца загадзя, клубы абменьваюцца лістамі. Але тут узнікла непаразуменне. За гадзіну-паўтары да матчу на арганізацыйным сходзе, дзе прысутнічаюць дэлегат, суддзя, прадстаўнікі каманд, высветлілася, што ў нас праблема. Часу нешта везці з Брэста ўжо не было. Абмяркоўваўся нават варыянт з формай «Славіі», але гуляць у чужой чырвона-чорнай форме для нас было непрымальна. Сама трэніровачная форма, у якой мы ў выніку выйшлі, была на камандзе з раніцы — у ёй праводзілі перадматчавую размінку. Яна, можна сказаць, яшчэ не астыла: мы звычайна загружаем яе ў скрыні і сціраем ужо ў Брэсце. А тут давялося даставаць, асвяжаць і наносіць нумары.
— Чыя была ідэя з балончыкам? Як наогул праходзіў працэс?
— Гэта было калектыўнае рашэнне, адзіна правільнае ў той сітуацыі. Варыянт з пластырамі абмяркоўваўся, але яны адклейваюцца падчас руху, калі гулец пацее. Таму паехалі ў найбліжэйшую будаўнічую краму па балончык. Фарбу наносілі адміністратары і начальнік каманды, я трошкі дапамагаў, наш аператар таксама ўдзельнічаў. Адну майку спецыяльна выкарысталі як трафарэт, каб патрэніравацца. Адзін чалавек увесь час звяраўся з заяўкай, каб не пераблытаць нумары. Мы хваляваліся, што фарба пацячэ або змоецца, але яна пратрымалася добра, толькі крыху змылася.
— Як футбалісты ўспрынялі сітуацыю?
— Хлопцы паставіліся нармальна. Адзінае — усе перажывалі, што будзе нязвыкла або нязручна. Але трэніровачная форма таго ж фасону і якасці, што і гульнявая. За 10—15 хвілін да стартовага свістка яны яе надзелі, мы спыталі: нармальна? Нармальна. Форма — гэта апошняе, што магло перашкодзіць нам перамагчы. Проста не атрымалася, так бывае. Некалькі чалавек з каманды, з кім мы потым размаўлялі па дарозе дадому, пацвердзілі: гэта ўвогуле не адцягвала.
Камплект формы пасля матчу часткова раздалі заўзятарам, часткова захавалі ў клубе. Мы ўсё гэта адклалі, частку заўзярам раздалі пасля матчу. Але, кажу, калі б гэта была пераможная гісторыя, мы б у любым выпадку і ў музей яе паставілі, і як-небудзь разыгралі сярод людзей. А паколькі кантэкст для нас трохі негатыўны, у тым сэнсе, што мы прайгралі і вылецелі, можа, нешта іншае прыдумаем, але пакуль мне цяжка сказаць, што менавіта. Майкі ў нас застануцца, скажам так.