Сляды лекаў знайшлі ў беларускай каўбасе і смятане
- 28.07.2026, 11:26
Таксама прэпаратамі аказаліся нашпігаваныя мясныя кансервы.
Расельгаснагляд узмацніў лабараторны кантроль за прадукцыяй двух беларускіх кампаній з-за першасных парушэнняў. Пра гэта сказана ў лісце расійскага рэгулятара.
У спіс трапіў ваўкавыскі «Беллакт», у смятане якога расійскі рэгулятар выявіў альбендазол сульфаксід.
У пераліку таксама пазначана ТАА «Велес-Міт». У яго каўбасных вырабах Расельгаснагляд знайшоў дыклафенак і бензілпеніцылін, а ў мясных кансервах — азітраміцын, кетапрафен, метыламінаантыпірын, сульфаметазін, тулатраміцын і флуніксін.
Мінулым тыднем Расія ўзмацніла кантроль за ялавічынай і кармамі дзвюх беларускіх кампаній.
Сёлета Расельгаснагляд часта ўводзіць лабараторны кантроль або абмежаванні для вытворцаў беларускага мяса і «малочкі». У той жа час эксперты ў мінулыя гады казалі, што менавіта ветэрынарныя нормы Расія выкарыстоўвала для падтрымкі сваіх вытворцаў.
Нагадаем, у Беларусі забаранілі армянскі каньяк.