Лукашэнка чудачыць
- Валерый Карбалевіч
- 29.07.2026, 11:25
У кожнага персаналістычнага дыктатарскага рэжыму свая «восень патрыярха»
Невыпадкова канстытуцыі большасці краін свету змяшчаюць абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта вынік аналізу доўгага гістарычнага досведу чалавецтва.
Калі паглядзець на гісторыю персаналістычных дыктатарскіх рэжымаў, можна заўважыць вялікую розніцу ў паводзінах дыктатараў у пачатку кіравання і ў канцы. На фінішным этапе сваёй дзейнасці яны, як правіла, прымалі дзіўныя рашэнні. І гэта невыпадкова. Бо доўгае і безраздзельнае кіраванне прыводзіць да таго, што дыктатары ў пэўны момант адрываюцца ад рэчаіснасці і пачынаюць чудачыць.
Да такога даволі трывіяльнага вываду падштурхнуў загад Аляксандра Лукашэнкі накіроўваць на ваенныя зборы нядбайных работнікаў падчас уборачнай кампаніі. У гэтым плане кіраўнік Беларусі аніяк не выбіваецца з агульнага шэрагу лідараў, якія доўга знаходзяцца ва ўладзе. Тут усё ў межах, так бы мовіць, дыктатарскай «нормы».
Як вядома, абсалютная ўлада абсалютна разврашчае. Калі ў сістэме кіравання дзяржавай адсутнічаюць механізмы стрымак і проціваг, ва ўмовах адмоўнай кадравай селекцыі дыктатару ніхто не адважваецца супярэчыць, ён пераконваецца ў сваёй непамылковасці. Нават рацыянальныя аўтакраты з развітай палітычнай інтуіцыяй праз нейкі час губляюць сувязь з рэчаіснасцю, пачынаюць чудачыць, прымаць рашэнні, што выглядаюць дзіўна.
Дыктатары чудачаць
Усе гэтыя заганы датычацца і постацяў, што ўвайшлі ў гісторыю як выбітныя. Напрыклад, да гэтага часу гісторыкі шукаюць рацыянальныя прычыны, паводле якіх Напалеон, уладар Еўропы, пайшоў у паход супраць Расійскай імперыі, што прывяло яго да палітычнага краху.
Увогуле прыкладаў, калі дыктатары напрыканцы свайго кіравання пачыналі чудачыць, вельмі шмат.
Іосіф Сталін апошнія гады жыцця сядзеў на дачы, працаваў вельмі мала, разагнаў лекараў, бо падазронасць дайшла да стадыі параноі. Мікіта Хрушчоў на пачатку кіравання рабіў пэўныя ліберальныя крокі, а напрыканцы пачаў фантанаваць рознымі дзівацкімі пераўтварэннямі. Румынскі дыктатар Ніколае Чаўшэску спачатку быў даволі папулярны ў сваёй краіне, а на захадзе палітычнай кар’еры ператварыўся ў чалавека, маніякальна зацыкленага на сваёй бяспецы, якога ўсе ненавідзелі.
Нават прэм’ер Венгрыі Віктар Орбан за 16 гадоў кіравання ва ўмовах рэжыму з пэўнымі аўтарытарнымі рысамі пачаў жыць у своеасаблівай інфармацыйнай бурбалцы, перастаў адчуваць свой народ і не прадбачыў набліжэння электаральнага краху.
Вельмі добраю ілюстрацыяй да высновы аб неадэкватнасці позняга аўтарытарызму з’яўляюцца дзеянні Уладзіміра Пуціна. Тэзіс вядомага выступу блогеркі Вікторыі Боні, што «прэзідэнт адарваны ад рэчаіснасці», даволі дакладна адлюстроўвае настроі вялікай часткі нават лаяльнага ўладам насельніцтва. Заявы Пуціна, што «спецыяльная ваенная аперацыя» ідзе згодна з планам, усё нармальна, расійскія войскі наступаюць і хутка перамогуць, на фоне паліўнага крызісу, чаргаў за бензінам, паўблакады Крыму, выклікаюць пытанні адносна адэкватнасці гэтай асобы.
Калі абсурднасць загаду нікога не хвалюе
Але вернемся да Лукашэнкі. Шмат што з таго, што ён робіць, цяжка растлумачыць з рацыянальнага пункта гледжання.
Асабліва гэта заўважна ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Цяжка ўспомніць, якія праекты, ініцыяваныя Лукашэнкам, былі рэалізаваныя. Але ён прыдумвае новыя: стварыць аграсэрвісы ў райцэнтрах, пабудаваць дзесяць комплексаў па вытворчасці рыбы, будаваць па ўсёй краіне прафілакторыі для цялят і іншае.
Шмат ідэй выклікаюць пытанні: навошта будаваць яшчэ адну АЭС або энергаблок, калі ў краіне лішак электраэнергіі? Навошта будаваць завод па вытворчасці халадзільнікаў, калі мінскі «Атлант» не ведае, куды дзяваць сваю прадукцыю? Навошта будаваць цэлюлозна-папяровы камбінат у Віцебскай вобласці, калі Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат стратны, не мае дастатковых і стабільных рынкаў збыту?
Шмат разоў ён звяртаецца да адных і тых жа пытанняў (бесгаспадарчасць на сельгаспрадпрыемствах, дохнуць цяляты), да лёсу адных і тых жа прадпрыемстваў («Камволь»), дае загады ўсё выправіць, але дзесяцігоддзямі нічога не змяняецца. Лукашэнка збірае новыя нарады, аддае тыя ж самыя загады з аднолькавымі вынікамі — нулявымі. Здавалася б, варта спыніцца і падумаць, чаму гэта не працуе. Але не. Прычыны няўдач ён бачыць у дрэннай дысцыпліне.
І нічога лепшага не прыдумаў, чым прымусам накіроўваць на ваенныя зборы нядбайных работнікаў. Абсурднасць загаду нікога не хвалюе. Чыноўнікі наперагонкі кінуліся выконваць даручэнне. І цяпер за жнівом на палях сочаць ужо не толькі шматлікія кантралёры, міліцыянеры, а яшчэ і ваенкамы. Атрымліваецца, кантралёраў ужо амаль столькі ж, колькі камбайнёраў.
Фантазіі, капрызы, пажаданні аднаго чалавека імгненна ўвасабляюцца ў дзяржаўныя рашэнні — ідзе ці гаворка пра правядзенне чэмпіянату ў кальцы з дроў або пра пошукі хакейнага трэнера для мінскага «Дынама».
У кожнага персаналістычнага дыктатарскага рэжыму свая «восень патрыярха».
Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»