BE RU EN

У Тайландзе 11-гадовы хлопчык за рулём пікапа ўрэзаўся ў калону будысцкіх манахаў

  • 3.07.2026, 0:04

Загінулі восем чалавек.

На паўночным усходзе Тайланда 11-гадовы хлопчык за рулём пікапа ўрэзаўся ў групу будысцкіх манахаў, якія здзяйснялі паломніцтва. У выніку загінулі восем чалавек, яшчэ 14 атрымалі раненні, чацвёра з іх у крытычным стане, паведамляе CNN.

Аварыя адбылася раніцай 2 ліпеня ў правінцыі Мукдахан, прыблізна за 600 кіламетраў на паўночны ўсход ад Бангкока.

Усяго ў паломніцтве ўдзельнічалі 35 манахаў. Яны пешшу накіраваліся ў суседнюю правінцыю Убонратчатхані і прайшлі прыкладна паўгадзіны шляху, калі ў іх урэзаўся пікап.

Паводле звестак губернатара правінцыі Ворраяна Буннарата, пяць манахаў загінулі на месцы, яшчэ трое памерлі ў бальніцы.

Камеры відэаназірання зафіксавалі момант аварыі. На кадрах відаць, як манахі ідуць адзін за адным па абочыне дарогі, пасля чаго пікап з'язджае з праезнай часткі і ўрэзаецца ў калону.

Паводле інфармацыі паліцыі, хлопчык затрыманы. Яго дапытаюць пасля прыбыцця супрацоўнікаў службы абароны дзяцей.

Прычыны аварыі пакуль высвятляюцца. Паводле слоў манахаў, якія сталі сведкамі здарэння, перад сутыкненнем аўтамабіль віліў па дарозе, а потым вылецеў на абочыну.

Апошнія навіны