Беларуска згубіла пашпарт у Грузіі — яго знайшлі праз сацсетку ўсяго за гадзіну
- 3.07.2026, 18:55
Пост хутка разляцеўся па сеціве.
Мінчанка Дар'я Т. адпачывала ў Батумі, калі заўважыла, што згубіла пашпарт. Яна ўжо магла бегчы ў паліцыю і падаваць заяву, але літаральна праз гадзіну з лішкам дакумент знайшоўся дзякуючы публікацыі ў сацсетцы Threads, якая імкліва разляцелася па сеціве, піша «Точка».
Як гэта было
Гісторыя пачалася з таго, што 2 ліпеня карыстальніца размясціла ў сваім профілі Threads кароткую аб'яву: пашпарт 19-гадовай беларускі, прапісанай у Мінску, «знойдзены сёння ў Батумі».
Пост не змяшчаў падрабязнасцяў пра тое, дзе менавіта ляжаў дакумент і як яго знайшлі, але гэтага аказалася дастаткова. За кароткі час запіс набраў больш за 99 тыс. праглядаў і звыш ста каментарыяў — людзі актыўна ставілі тэгі, перасылалі пост і дапамагалі шукаць уладальніцу.
Менш чым праз дзве гадзіны пасля публікацыі ў абмеркаванні з'явілася сама Дар'я.
«Гэта я, — напісала дзяўчына. — Вялікі дзякуй, што прасоўвалі. Я ўжо не ведала, куды дзецца. Усім яшчэ раз дзякуй».
Так, дзякуючы звычайнаму посту ў сацсетцы, крыху больш чым за гадзіну атрымалася вырашыць праблему, якая магла б зацягнуцца на некалькі дзён.
У выпадку Дар'і ўсё абышлося без бюракратычных складанасцяў, але гісторыя служыць добрым напамінам: заўсёды варта мець пры сабе копію пашпарта або фота ў тэлефоне.