У беларусаў два тыдні запар будуць вялікія выхадныя
- 3.07.2026, 19:40
Колькі чакаць такога адпачынку?
Беларусам лепш як след адпачыць на цяперашніх вялікіх выхадных з 3 па 5 ліпеня, бо наступныя такія будуць няхутка. Але плюс у тым, што адразу два тыдні запар — трохдзённыя выхадныя. Smartpress.by паглядзеў каляндар.
Найбліжэйшы святочны дзень у краіне — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які адзначаюць 7 лістапада. Аднак у 2026 годзе ён прыпаў на суботу, таму вялікіх выхадных у гэтым выпадку не будзе.
Тры дні запар беларусы будуць адпачываць напрыканцы снежня, з 25-га па 27-е. Каталіцкае Божае Нараджэнне адзначаць у пятніцу, 25 снежня, таму вялікія выхадныя працягнуцца да нядзелі ўключна. Аднак чакаць іх давядзецца амаль паўгода.
Больш святочных дзён у гэтым годзе не будзе. Затое пасля каляднага тыдня новы год пачнецца з вялікіх выхадных, бо 1 студзеня 2027-га прыпадае на пятніцу. То бок беларусы будуць адпачываць з 1 па 3 студзеня (з пятніцы па нядзелю).
Праваслаўнае Божае Нараджэнне, 7 студзеня, у наступным годзе прыпадзе на чацвер. Ці зробіць урад чатырохдзённыя вялікія выхадныя (з чацвярга па нядзелю), пакуль невядома.