У Беларусі запрацавала навацыя на рынку нерухомасці
- 4.07.2026, 11:27
Змены закранаюць у тым ліку арэнднае жыллё.
У Беларусі з 1 ліпеня пачалі дзейнічаць змены, якія закранаюць рынак нерухомасці — у тым ліку арэнднае жыллё. Навацыі прадугледжаныя пастановай Мінбудархітэктуры. Нагадаем, што змянілася, піша «Зеркало».
Сярод іншага чыноўнікі прапісалі, што ў нанова ўзведзеным арэндным жыллі павінна быць убудаваная і модульная мэбля. А яшчэ — бытавая тэхніка: халадзільнік з маразільнай камерай, мікрахвалевая печ і пральная машына. Іх кошт не павінен перавышаць 30, 9 і 25 базавых велічынь адпаведна. На 4 ліпеня гэта 1350, 405 і 1125 рублёў адпаведна. Пры гэтым мэбля і тэхніка павінны быць беларускай вытворчасці.
Таксама ўлады абнавілі спіс унутраных аздобных работ у эканамічных жылых дамах тыповых спажывецкіх якасцяў, якія будуюць у сельскай мясцовасці, гарадах і пасёлках гарадскога тыпу.
Напрыклад, лінолеум і дошчатае пакрыццё цалкам выключылі з магчымай аздобы падлог. З 1 ліпеня і ў гарадах, і на сяле ў жылых пакоях можна ўкладваць толькі паркетную дошку або ламінат, а ў халах, калідорах, перадпакоях, кладоўках — керамічную плітку і ламінат. А ў кухнях, ванных, санвузлах, на лесвічных клетках, лоджыях і балконах — керамічную плітку.
Пры гэтым сцены ў ванных і санвузлах з 1 ліпеня павінны быць цалкам абліцаваныя глазуранай пліткай (цяпер магчымыя частковае абліцаванне, палепшаная тынкоўка і афарбоўка). А ў гарадскім жыллі ў кухнях, ванных, санвузлах і дапаможных памяшканнях змогуць усталёўваць нацяжныя столі (цяпер — толькі палепшаная афарбоўка).
У Мінбудархітэктуры раней удакладнялі, што ўводзяць навацыі для таго, каб павысіць якасць жылля, а таксама падтрымаць айчынных вытворцаў будаўнічых матэрыялаў, мэблі і бытавой тэхнікі.