BE RU EN

Z-прапаганда прыдумала «атаку ЗСУ» на беларускі аўтобус?

  • 4.07.2026, 14:30

Адвертая хлусня.

«Флагшток» публікуе пацвярджэнне таго, што заява расійскай дзяржпрэсы пра чарговую атаку «баевікоў ЗСУ» на беларускі аўтобус была хлуснёй.

Увечары 2 ліпеня беларускі дзяржаўны тэлеканал выпусціў сюжэт, у якім бачна, якой была абстаноўка адразу пасля атакі дрона.

Два паказаныя кадры дазваляюць аднавіць ход падзей. Дрон біў па групе з трох запаркаваных на стаянцы грузавікоў з паўпрычэпамі.

Удар прыйшоўся па сярэднім аўтамабілі DAF, што знаходзіўся прыкладна ў 12 метрах ад аўтобуса. Пасля гэтага фура загарэлася, а іншыя грузавікі і аўтобус паспелі ад'ехаць, пакуль агонь не разгарэўся.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, згарэлая фура мела беларускую рэгістрацыю. Пра пацярпелых кіроўцаў грузавікоў не паведамлялася, верагодна, яны пакінулі кабіны.

Шкло аўтобуса магло быць выбіта ў выніку распаўсюджвання гукавой хвалі ад дэтанацыі боепрыпасу (слядоў асколкаў на раней апублікаваных фатаграфіях выявіць не ўдалося).

Пра гэта могуць сведчыць і словы пасажыраў:

«Я пачула такі моцны хлопок, як выбух. Я падумала, што гэта, можа, шына выбухнула».

«Аўтобус прыехаў, людзі стаялі побач, і як толькі ўсе зайшлі ў аўтобус, адразу адбыўся ўдар».

Такім чынам, можна сцвярджаць, што сетка расійскіх СМІ і ТГ-каналаў наўмысна распаўсюдзіла хлусню, паведаміўшы пра мэтанакіраваны ўдар па лобавай частцы беларускага аўтобуса і пры гэтым утаіўшы рэальную карціну падзей.

Больш за тое, у першыя гадзіны здымкі пашкоджанага аўтобуса не публікаваліся (неўзабаве стала зразумела, чаму — удара па лобавай частцы не было), а пасля з’явіліся фэйкавыя фота беларускага аўтобуса, верагодна, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту.

На фэйкавым здымку паказаны аўтобус выдуманай кампаніі Intercars, а насамрэч інцыдэнт адбыўся з аўтобусам транспартнай кампаніі «Сталіца».

Тое, што мэтанакіраванага ўдару па аўтобусе не было, прызнаў і сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфовіч, які заявіў, што аўтобус быў закрануты асколкамі непраднамерна. Але гэтую частку яго заявы многія беларускія і расійскія дзяржСМІ вырэзалі.

«Беларускі аўтобус не выбраны спецыяльна, скажам так, у якасці мэты паражэння. Гэта выпадкова перамяшчаўся аўтобус па тэрыторыі Бранскай вобласці і выпадкова ўпаў дрон на дарозе паміж двума трасамі», — сказаў Вольфовіч журналістам.

Да гэтай заявы, пасля першых публікацый расійскіх рэсурсаў, беларускія прапагандысцкія ТГ-каналы паспяшаліся апублікаваць гнеўныя паведамленні ў адрас «баевікоў ЗСУ».

Хлусня расійскай дзяржпрэсы адносна інцыдэнту з аўтобусам «Мінск — Анапа» ставіць пад сумнеў і тую інфармацыю, якую распаўсюджвалі расійскія крыніцы пра першы выпадак — атаку на аўтобус з футбольнай камандай з Рэчыцы, — мяркуе «Флагшток».

Апошнія навіны