BE RU EN

У Полацку запусцілі рух па новым мосце

  • 4.07.2026, 18:09

Рэканструкцыя павінна разгрузіць цэнтр горада ад затораў.

3 ліпеня ў Полацку адкрылі рух па абноўленым мосце на вуліцы Кастрычніцкай. Каб чыноўнікі маглі ўрачыста перарэзаць чырвоную стужку акурат да Дня Незалежнасці, будаўнікам давялося ганяць тэрміны і здаваць аб'ект на паўгода раней за праектны графік.

Папярэдняя канструкцыя моста была ўзведзена ў 1962 годзе і перастала адпавядаць сучасным транспартным нагрузкам. Падчас рэканструкцыі старыя жалезабетонныя апорныя бэлькі былі цалкам заменены новымі. Даўжыня спаруды засталася ранейшай і складае 112 метраў, пры гэтым шырыня аб'екта павялічылася ўдвая — да 27 метраў. Праезная частка пашырана з двух да чатырох палос (па дзве ў кожным накірунку), паміж імі ўладкаваны раздзяляльны астраўок бяспекі.

Фото: sb.by

На мосце ўкладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё, змантаваныя ацынкаваныя агароджы і ўсталявана дэкаратыўнае падсвятленне з гербам горада. Для пешаходаў прадугледжаны тратуары шырынёй 2,25 метра, з аднаго боку абсталявана веладарожка. Таксама рэалізаваны элементы безбар'ернага асяроддзя: паніжаныя бардзюры і тактыльная плітка для людзей са слабым зрокам. Акрамя абнаўлення самога моста, будаўнікі замянілі інжынерныя камунікацыі, ліўневую каналізацыю з ачышчальнымі збудаваннямі, абнавілі пад'езды да спаруды і змянілі схему працы святлафораў.

Увядзенне моста ў эксплуатацыю дазволіць разгрузіць цэнтр горада ад транспартных затораў.

Фото: sb.by

Апошнія навіны