BE RU EN

«Можа, як-небудзь праскочым гэтую Расію»

  • 4.07.2026, 20:04

Беларуска патлумачыла, чаму едзе з дзіцем на адпачынак праз РФ.

Жыхарка аднаго з райцэнтраў Гомельскай вобласці плануе ў жніўні паехаць з 10-гадовай дачкой на адпачынак у самаабвешчаную Абхазію. Два нядаўнія інцыдэнты з беларускімі турыстычнымі аўтобусамі не прымусілі яе перадумаць. Сайт праваабарончай арганізацыі «Гомельская Вясна» публікуе яе развагі пра выбар месца для адпачынку.

«На большае ў мяне грошай не стае»

Ніна (імя зменена з меркаванняў бяспекі) працуе педагогам у бюджэтнай установе і выхоўвае дачку адна. Па яе словах, дабрацца да мора ў іншых краінах ёй не па кішэні. Варыянт з шэнгенскай візай яна нават не разглядае.

Да поўнамаштабнай вайны яна з дачкой штогод ездзіла адпачываць у Адэсу або яе аколіцы. Цяпер, па яе словах, дарога ва Украіну закрытая, з варыянтаў засталіся толькі Расія і Абхазія — самаабвешчаная рэспубліка, якую не прызнае міжнародная супольнасць.

«Я чытала пра Абхазію. Яе Украіна не бамбіць, бо лічыць часткай Грузіі. Таму і вырашыла ехаць туды. А дзе я яшчэ са сваёй педагагічнай зарплатай адпачну за 1000 расійскіх рублёў у дзень? На большае ў мяне грошай не стае. Нават пералёт у Грузію самалётам мне не па кішэні», — расказала жанчына.

Каб трапіць у Абхазію, Ніне з дачкой усё роўна давядзецца перасячы тэрыторыю Расіі, дзе на мінулым тыдні адбыліся два інцыдэнты з транспартам беларускіх турыстаў — у адным выпадку загінула жанчына, пацярпелі некалькі дзяцей. Жанчына ведае пра гэтыя выпадкі, але разлічвае, што цягнік апынецца бяспечнейшы за аўтобус.

«Нам галоўнае гэтую Расію як-небудзь пераехаць. Бо беларускія аўтобусы там абстралялі. А мы едзем на цягніку — Мінск-Адлер, але ў расійскім вагоне. Купілі квіткі спачатку з Гомеля да Злынкі (станцыя і горад у Бранскай вобласці Расіі. — Заўв. рэд.), а потым Злынка-Адлер. Так танней. Ну і спадзяёмся, што, можа, як-небудзь праскочым гэтую Расію да Адлера. А адтуль нас хутка забярэ трансфер да Абхазіі», — падзялілася планамі Ніна.

«Мне надакучыла ўсяго баяцца»

На заўвагу пра тое, што практычна ўся тэрыторыя Расіі цяпер з’яўляецца зонай баявых дзеянняў — там могуць падаць збітыя дроны, некіравана скідвацца авіябомбы з расійскіх бамбардзіроўшчыкаў, адбывацца правакацыі з боку саміх расійскіх уладаў, — Ніна адказала, што не бачыць сэнсу пастаянна чагосьці баяцца.

«Ну дык і ў нашым горадзе можам ісці, і цагліна на галаву ўпадзе, ці машына зіб’е. Мне надакучыла ўсяго баяцца. Тым больш што войны цяпер паўсюль. Вунь Іран і па Дубаі страляў, калі яго Амерыка бамбіла. І Турцыя з Егіптам недалёка ад той вайны. Нават не ведаеш, куды падацца, каб было спакойна», — сказала жанчына.

Яна прызнае небяспеку паездкі, але не бачыць для сябе іншых варыянтаў адпачынку. Па яе словах, сярод яе знаёмых ужо ёсць людзі, якія ў гэтым годзе адпачывалі ў Гаграх і вярнуліся без здарэнняў — на гэта яна і разлічвае.

Апошнія навіны