Украінскія памежнікі ацанілі сітуацыю на мяжы з Беларуссю
- 4.07.2026, 21:48
У Кіеве не выключаюць новых правакацый на мяжы.
Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчэнка распавёў пра магчымыя сцэнары дзеянняў расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
У каментары для «24 Каналу» ён адзначыў, што ўкраінская разведка ўважліва адсочвае сітуацыю на гэтым напрамку і фіксуе любыя змены ў актыўнасці праціўніка.
Па словах Дземчэнкі, расійскі бок сапраўды разглядае варыянты ўзмацнення ціску і спроб актывізацыі наступальных дзеянняў, у тым ліку на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці. Пры гэтым украінскія спецслужбы працягваюць назіранне за тым, наколькі хутка можа фарміравацца адпаведная групоўка сіл на расійскай тэрыторыі паблізу мяжы.
Як падкрэсліў прадстаўнік ДПСУ, украінскае камандаванне ўсведамляе магчымыя рызыкі і загадзя рыхтуецца да розных варыянтаў развіцця падзей. У той жа час, паводле ягоных звестак, цяпер ўздоўж лініі мяжы ў Чарнігаўскай вобласці не фіксуецца актыўнага прымянення пяхотных або дыверсійна-разведвальных груп з боку РФ.
Ён таксама нагадаў, што Чарнігаўская вобласць, як і Сумская ды Харкаўская, рэгулярна падвяргаецца абстрэлам. Хоць інтэнсіўнасць атак тут можа быць ніжэйшая, чым на некаторых іншых напрамках, расійскія войскі штодня спрабуюць наносіць удары па пазіцыях украінскіх сіл.
Для атак праціўнік выкарыстоўвае шырокі спектр узбраення - артылерыю, беспілотнікі, уключна з FPV-дронамі, а таксама дроны з валаконна-аптычным кіраваннем і скідамі боепрыпасаў.
Асобна Дземчэнка адзначыў, што пагроза з тэрыторыі Беларусі па-ранейшаму захоўваецца. Паводле яго слоў, расійскае кіраўніцтва працягвае разглядаць гэты напрамак як патэнцыяльны інструмент ціску на Украіну.
«Не абавязкова гэта будзе паўнамаштабнае ўварванне. Калі, напрыклад, у Расіі не хопіць сіл для гэтага, яна можа наладзіць пэўную актыўнасць уздоўж мяжы, і Украіне давядзецца на гэта рэагаваць. У прыватнасці, накіроўваць туды свае дадатковыя сілы, якія маглі б быць задзейнічаныя на тых напрамках, дзе цяпер вядуцца актыўныя баявыя дзеянні», — падкрэсліў Дземчэнка.