BE RU EN

Папугай-вандроўнік згубіўся ў Лагойскім раёне, а знайшоўся ў Мінску

  • 5.07.2026, 14:30

Птушка лятае ўжо пяць дзён.

У Лагойскім раёне згубіўся папугай пароды сінялабая амазона. Верагодна, яго гаспадары і ўявіць не маглі, што знойдзецца ён у Мінску — больш як за 30 кіламетраў ад месца знікнення, піша «Зеркало».

Аб’явы аб пошуку апублікавалі 3 ліпеня. Парода — сінялабая амазона, самка, больш за два гады. Адметная рыса — кольца на лапе з надпісам Amazona.by. Гаспадары паабяцалі ўзнагароджанне за знаходку — 200 беларускіх рублёў.

На наступны дзень карыстальнік Threads пад нікам aleksshpi размясціў фота з такім жа папугаем. Судзячы з яго публікацыі, птушка прыляцела ў Мінск і сядзела на парапеце ля вады.

У каментарыях хутка адгукнуліся гаспадары папугая-вандроўніка. Паводле слоў аўтара паста, неўзабаве на месцы з’явіліся тыя, хто быў гатовы дапамагчы: «Літаральна 15 хвілін — і восем чалавек ужо было на месцы». Вось толькі гадаванец дадому не вярнуўся.

«Папугая пакуль не знайшлі. Кудысьці пераляцеў. Калі раптам убачыце, паведаміце, калі ласка. Прыманіваць можна: любіць — банан, сыр (тыпу расійскі), бліны. Размаўляе. Кажа — прывітанне», — напісала яго гаспадыня Алена праз некалькі гадзін.

Паводле яе слоў, пошукі працягваюцца ўжо некалькі дзён. «Мы клікалі, доўга хадзілі. Але, відаць, кудысьці паляцела. Лятае ўжо 5 дзён. Не ведаем, што есць», — дадала яна.

Апошнія навіны