Расійскі «Газпрам» адкрыў набор у мабільныя агнявыя групы
- 5.07.2026, 19:38
Для абароны сваіх аб’ектаў ад дронаў.
«Газпрам» дамовіўся з Мінабароны РФ аб стварэнні мабільных агнявых груп (МОГ), якія будуць абараняць аб’екты кампаніі, у тым ліку ад атак беспілотнікаў. Пра гэта піша «Эхо» са спасылкай на ўнутраныя дакументы газавай манаполіі. Жадаючыя служыць у МОГ павінны прайсці медкамісію, «пільны адбор» і двухмесячную падрыхтоўку. Заяўляецца, што з імі будуць заключаць трохгадовы кантракт аб знаходжанні ў мабілізацыйным рэзерве, які дазваляе сумяшчаць грамадзянскую працу з ваеннымі зборамі.
Паводле дакументаў, асноўнай задачай МОГ будзе «патруляванне і абарона аб’ектаў газазабеспячэння». Пры гэтым падчас збораў рэзервістаў таксама могуць задзейнічаць для аховы іншай крытычна важнай інфраструктуры, але «толькі на тэрыторыі рэгіёна, у якім быў укладзены кантракт», запэўніваюць у «Газпраме». Байцам МОГ абяцаюць захаванне сярэдняга заробку, штомесячную кампенсацыю ад працадаўцы ў 200 тыс. рублёў за ўдзел у зборах і дадатковыя выплаты ад Мінабароны. Акрамя таго, такім кантрактнікам будуць прадастаўляць трохразовае харчаванне, абмундзіраванне, лячэнне, страхаванне жыцця і бясплатны праезд да месца збораў і назад. Пры гэтым рэзервісты не лічацца дзеючымі вайскоўцамі.
У далейшым кантракт можна падаўжаць: на тры гады, пяць гадоў або на меншы тэрмін, калі чалавек дасягае ўзроставога парога: для радавых і прапаршчыкаў ён складае 52 гады, для малодшых афіцэраў — 57 гадоў, для старшых афіцэраў — 62 гады.