«У асяроддзя Пуціна ёсць ідэальны шанец ізаляваць яго або ліквідаваць»
- 5.07.2026, 20:34
Значны ўплыў на ўнутраную палітыку Расіі акажа, у прыватнасці, падзенне Крыму.
Украіна наносіць удары па нафтавай галіне і адразае Крым, у РФ пагаршаецца эканамічная сітуацыя — таму цяпер для расійскіх эліт самы час устараніць дыктатара Уладзіміра Пуціна. Пра гэта ў новым выпуску LIGA.net паведаміў кіраўнік Цэнтра па вывучэнні Расіі, міністр замежных спраў Украіны (2007–2009) Уладзімір Агрызка.
Адна са стратэгій, якія дазваляюць прымусіць Расію да міру, заключаецца ў тым, каб расіяне на сабе адчулі наступствы вайны і пабудзілі сваё кіраўніцтва да спынення баявых дзеянняў. Дзякуючы ўдарам Сіл абароны выведзена са строю 42,74% сумарнай праектнай магутнасці нафтаперапрацоўкі РФ. У Крыме — істотныя абмежаванні на паліва. З'явіліся больш жорсткія праверкі, чэргі за палівам і перакупшчыкі, адключэнні электраэнергіі і перабоі з транспартам.
Паводле Агрызкі, праз украінскія атакі, адразанне Крыму і недахоп бензіну (у прыватнасці, у аддаленых рэгіёнах РФ) сярод расійскага насельніцтва ўжо з'явіліся размовы пра тое, што расійскі рэжым трэба змяняць.
«Я ні на міліметр, ні на адзін працэнт не веру ў тое, што адбудзецца расійскі бунт знізу. Адзінае, што адбудзецца, і, думаю, гэта ўжо відавочна, — гэта змова асяроддзя. Дакладней, адной з груп асяроддзя Пуціна», — кажа Агрызка.
Паплечнікі дыктатара з Федэральнай службы бяспекі (былыя кэгэбісты, як і сам Пуцін) будуць утрымліваць кіраўніка Крамля ў гэтым кальцы вайны. Са свайго боку, спыніць яго, на думку Агрызкі, могуць алігархі і бізнесмены, якія ў Расіі імкліва губляюць даходы, а за мяжой іх актывы ўжо замарожаныя з-за санкцый.
«Цяпер у іх ёсць ідэальны шанец ізаляваць Пуціна або ліквідаваць яго, а пасля перакласці на яго ўвесь існы баласт. Ну, давядзецца так ці інакш кантактаваць з людзьмі з Захаду. Прыляцяць амерыканцы, прыедуць еўрапейцы. І ў гэтых людзей тут будзе выдатная магчымасць сказаць: «Шаноўныя сябры, мы былі закладнікамі Пуціна і нічога не маглі зрабіць. Цяпер мы яго ліквідавалі, яго няма. А мы будуем новую цудоўную Расію будучыні і будзем з вамі пра ўсё дамаўляцца», — перакананы Уладзімір Агрызка.
Ён падкрэсліў, што Крым для Пуціна сакральны і быў у Расіі сімвалам ягонай сілы, маўляў, ён «вяртае калісьці страчаныя расійскія землі». Таму адразанне паўвострава мае такое вялікае значэнне.