BE RU EN

FT: Разведка ЗША дапамагае ўкраінскім дронам эфектыўна біць па расійскіх НПЗ

  • 5.07.2026, 22:27

Наступствы гэтых атак адчуваюцца па ўсёй Расіі.

Адна з прычын таго, чаму ўкраінскія ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах сталі прыкметна больш эфектыўнымі, — гэта, магчыма, дапамога разведкі ЗША. Як піша Financial Times са спасылкай на ўкраінскіх чыноўнікаў, ЗША дапамагаюць Кіеву пракладаць аптымальныя маршруты для дронаў, каб тыя абыходзілі расійскую сістэму СПА.

Паводле суразмоўцаў выдання, гаворка ідзе менавіта пра разведдадзеныя, якія дазваляюць дакладней вылічваць траекторыі палёту беспілотнікаў. Афіцыйна Вашынгтон пакуль не прызнаваў сваёй ролі ў гэтых аперацыях.

Аднак прычына росту эфектыўнасці гэтых удараў не толькі ў амерыканскай дапамозе. Аналітыкі, на якіх спасылаецца Financial Times, тлумачаць гэта перадусім тэхналагічным рыўком самой Украіны: краіна рэзка нарошчыла вытворчасць дальнабойных дронаў, наладзіла іх масавы выпуск і палепшыла кіраванне імі. Пра гэта, напрыклад, адзначыў кіраўнік еўразійскай праграмы Нямецкага савета па знешняй палітыцы Штэфан Майстэр. Дадатковым фактарам называюць і прызначэнне ў студзені новага міністра, адказнага за лічбавыя тэхналогіі.

Маштаб гэтай ударнай кампаніі ўжо стаў беспрэцэдэнтным. Паводле даных польскай аналітычнай кампаніі Rochan Consulting, якія прыводзіць FT, у маі быў усталяваны месячны рэкорд — 16 паспяховых удараў па нафтаперапрацоўчых заводах. А з пачатку 2026 года ўкраінскія дроны атакавалі расійскія НПЗ як мінімум 194 разы — у 11 разоў часцей, чым за той жа перыяд годам раней.

Мінабароны Расіі, са свайго боку, заяўляе, што збівае пераважную большасць украінскіх дронаў. Паводле афіцыйных даных ведамства, за першую палову 2026 года над тэрыторыяй Расіі і акупаванымі ўкраінскімі рэгіёнамі было перахоплена амаль 64 тысячы беспілотнікаў, прычым палова — за апошнія два месяцы.

Як адзначае FT, сам па сабе рэзкі рост колькасці заяўленых перахопаў ускосна пацвярджае, што Украіна шматкроць павялічыла колькасць запушчаных дронаў і што расійская СПА адчувае сур'ёзную нагрузку.

Наступствы гэтых атак адчуваюцца па ўсёй Расіі. Удары па энергетычнай інфраструктуры прымусілі больш за палову рэгіёнаў краіны ўвесці жорсткія абмежаванні на продаж паліва, а на запраўках утвараюцца шматгадзінныя чэргі.

Апошнія навіны