Памёр першы пасол Беларусі ў Германіі Пётр Садоўскі
- 6.07.2026, 9:10
Яму было 87 гадоў.
Пра смерць беларускага дыпламата Пятра Садоўскага паведаміла у сацсетках яго дачка Аліна.
«Сябры, позна ўвечары ў хоспісе памёр мой бацька, аўтар кнігі «Мой Шыбалет» Пётр Садоўскі. Развітанне заўтра, паведамлю дадаткова», — напісала яна.
87‑гадовы Пётр Садоўскі — выбітны беларускі мовазнавец, які ў 1990‑я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета, а пазней — першым паслом Беларусі ў Германіі.
Ураджэнец Полацчыны, дзіцятка вайны, ён страціў на той вайне бацьку-партызана, які памёр у яго на вачах. Скончыўшы Сувораўскае вучылішча, ён пазней з ваеннай дарогі перайшоў у лінгвістыку — бо ў Сувораўскім яму выкладаў выбітны перакладчык і афіцэр‑франтавік Язэп Семяжон.
Пётр Садоўскі вывучаў і выкладаў замежныя мовы, працаваў у Інстытуце замежных моў, Акадэміі навук і перакладчыкам на розных прадпрыемствах Мінска.
Любоў яго жыцця — беларуская мова, а яго асабісты рай — паўночнабеларускія гаворкі, якія яго ўскалыхалі і якія ён ведае лепш за ўсіх ва ўсім свеце.
Садоўскі быў адным з падпісантаў першых лістоў у абарону беларускай мовы і культуры — хадайніцтваў, якія яшчэ накіроўваліся ў Маскву. Пазней ён стаў адным з заснавальнікаў Народнага Фронту і трыумфальна перамог у адной з мінскіх акруг на свабодных выбарах 1990 года. Садоўскі быў настолькі аўтарытэтным чалавекам, што ў парламенце, дзе БНФ быў у меншасці, яго абралі старшынём камісіі па міжнародных справах.
Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці яго ў 1992 годзе прызначылі першым у гісторыі паслом нашай краіны ў Германіі. Пасольства там ён ствараў з нуля.
У 2019 годзе 80‑гадовага Садоўскага судзілі і аштрафавалі за выступ супраць інтэграцыі з Расіяй, у абарону незалежнасці, на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Рэдакцыя сайта Charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім Пятра Садоўскага.