Аб падзеях апошніх дзён
- Аляксандр Марозаў
- 6.07.2026, 8:41
Ідзе дыскусія ў Маскве.
Крэмль у адказ на «бензінавы крызіс» б’е па Кіеве з вялікімі ахвярамі сярод мірных жыхароў і паведамляе Трампу пра тое, што расійскія войскі планамерна ўсюды наступаюць, і вось, напрыклад, узята Канстанцінаўка.
Узнёслыя расійскія каментатары пішуць, што гэта «ключ да Славянска-Краматорскай агламерацыі», і што гэта пералом у вайне. Але менш узнёслыя пішуць, што Канстанцінаўку пакуль не ўзялі, у яе пакуль толькі ўвайшлі. А «агламерацыю», нават калі атрымаць да яе ключ, давядзецца штурмаваць год-паўтара.
Яшчэ менш узнёслыя задаюцца пытаннем: што, уласна, зменіцца? Бо ў любым выпадку мэта Пуціна — поўны захоп чатырох абласцей. А гэта азначае, што нават калі за паўтара года ўдасца цалкам зруйнаваць Славянск і Краматорск, нічога не скончыцца.
Пуцін на сустрэчы з камандзірамі ў Крэмлі, з добрай, ласкавай усмешкай спытаў аднаго з іх: «Падбіраецеся да Запарожжа?», той адказаў: «Так, дакладна». Нам гэта паказалі па ўсіх федэральных каналах, даючы зразумець: Пуцін будзе ставіць задачу штурмаваць Запарожжа, «інакш ніяк».
Ідзе дыскусія ў Маскве. Праф. Сяргей Караганаў кажа, што трэба ўдарыць па Еўропе (але не цяпер, а праз год), яму пярэчыць праф. Васіль Кашын, ягоная думка зводзіцца да таго, што, маўляў, мы заганяем сябе ў пастку эскалацыі, у той час як не гатовыя да вайны з Захадам, і лепш цяпер узяць паўзу і падрыхтавацца да далейшага. Дацэнт Барыс Межуеў на радыё КП смела кажа, што цяпер лепш пайсці на «пахабнае перамір’е», а то гэта дрэнна скончыцца.
Канстанцін Рэмчукоў у сваёй «Незалежнай газеце» палемізуе з Мікалаем Патрушавым, які ў чарговым інтэрв’ю накачвае тэзіс пра тое, што СССР ваяваў адзін супраць усіх, і цяпер супраць Расіі ўсе. Рэмчукоў у канцы свайго тэксту папярэджвае чытачоў: не кажыце потым, што вы не бачылі, як «патрушаўцы» разаграваюць тэму вайны з Еўропай.
Пуцін пасля гэтага інтэрв’ю даў даручэнне скласці спіс краін, якія цяпер ваююць на баку Украіны. (Гэтае даручэнне — адна з галоўных падзей апошніх дзён: калі раней быў спіс «нядружалюбных краін», то цяпер будзе спіс «краін украінскай восі»; дэ-факта гэта будзе спіс краін, па якіх можна наносіць удары пры выпадку).
Пяскоў гэта неадкладна пракаментаваў: «Дзеянні Захаду ў адносінах да Расіі — гэта “сапраўдная вайна”», — заявіў Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю журналісту «Вести» Паўлу Зарубіну. Паводле ягоных слоў, «пачыналася ўсё як спецыяльная ваенная аперацыя, а працягваецца як вайна, бо за Кіевам стаяць і Берлін, і Парыж, і Гаага, і Осла, і, на жаль, Вашынгтон».
Аляксандр Марозаў, «Фэйсбук»