«У Пекіне выдатна разумеюць, што Расія — штучная дзяржава»
- 6.07.2026, 9:17
Паказальныя працэсы, якія адбываюцца на расійскім Далёкім Усходзе.
Кітай кіруецца выключна прагматычным балансам доўгатэрміновых інтарэсаў, дзе эканамічная рацыянальнасць выразна падпарадкавана стратэгічнай бяспецы. Для Украіны гэта азначае, што прыцягненне Кітая ў якасці гаранта міру, надзейнага пасярэдніка або непрадузятага арбітра малаверагодна, піша украінскі блогер Віктар Каспрук.
Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расійская Федэрацыя канчаткова апынулася ў сітуацыі, калі страціла магчымасць балансаваць паміж Захадам і Усходам. Калі на працягу трох дзесяцігоддзяў пасля распаду СССР расійская дыпламатыя спрабавала праводзіць так званую «шматвектарную палітыку», выкарыстоўваючы супярэчнасці паміж сусветнымі цэнтрамі сілы, то пасля 2022 года прастора для такога манеўру амаль цалкам знікла.
Маштабныя міжнародныя санкцыі, палітычная ізаляцыя ад дэмакратычнага свету, эканамічнае адчужэнне ад еўрапейскіх рынкаў і паступовае разбурэнне адносін з Захадам паставілі Крэмль у становішча, калі фактычна адзіным стратэгічным партнёрам застаўся Кітай.
Менавіта таму сёння Масква не бачыць для сябе рэальнай альтэрнатывы арыентацыі на Пекін. Расійскае таталітарнае кіраўніцтва ўсё часцей дэманструе гатоўнасць згаджацца нават на адверта нявыгадныя для сябе эканамічныя ўмовы толькі дзеля захавання кітайскай падтрымкі.
Гэта датычыць экспарту энергарэсурсаў, развіцця транспартнай інфраструктуры, выкарыстання кітайскіх тэхналогій, фінансавых разлікаў у юанях і ўсё большай залежнасці ад кітайскай прамысловай прадукцыі. Што сведчыць пра імклівае ператварэнне Расіі ў эканамічнага васала Кітая і яе глыбокую інтэграцыю ў арбіту геапалітычнага ўплыву Пекіна.
Аднак менавіта ў гэтым і палягае фундаментальная стратэгічная памылка сучаснай расійскай палітычнай эліты. У Крамлі, падаецца, дагэтуль не да канца ўсведамляюць прыроду кітайскай знешняй палітыкі, якая фармавалася не дзесяцігоддзямі і нават не стагоддзямі, а тысячагоддзямі.
Бо кітайская цывілізацыя гістарычна зыходзіла з уласнага бачання сусветнага парадку, у цэнтры якога знаходзілася сама Паднябесная. Для кітайскай палітычнай традыцыі ўласцівыя прагматызм, доўгатэрміновае стратэгічнае мысленне і максімальнае пазбяганне эмацыйнай прывязанасці да саюзнікаў.
І гэты «кітайскі свет», замкнёны на сабе, гістарычна ўспрымаў іншыя цывілізацыі і народы не як сістэму раўнапраўных партнёраў, а як перыферыю, якая павінна добраахвотна прызнаць культурную і палітычную перавагу Кітая і падладзіцца пад яго інтарэсы.
У сучасным кантэксце гэты гістарычны код трансфармаваўся ў імкненне Пекіна пабудаваць новы шматпалярны свет, дзе Кітай зноў займае цэнтральнае месца, а меншыя дзяржавы інтэгруюцца ў яго эканамічную і тэхналагічную арбіту праз глабальныя праекты кшталту «Адзін пояс — адзін шлях».
Бачна, што ў Маскве дыктатару Пуціну цяпер няма каму растлумачыць, што Кітай ніколі не будаваў міжнародныя адносіны на аснове рамантычных уяўленняў пра сяброўства або ідэалагічную салідарнасць. Яго знешняя палітыка заўсёды грунтавалася на катэгорыях выгоды, стабільнасці і паступовага нарошчвання ўласнай магутнасці.
А тое, што Кітай на працягу сваёй шматтысячагадовай гісторыі сябраваў найперш сам з сабой, у значнай ступені адлюстроўвае логіку яго стратэгічнага мыслення. Для Пекіна любое партнёрства з'яўляецца толькі інструментам дасягнення ўласных нацыянальных інтарэсаў.
І як бы ў Крамлі ні спрабавалі інтэрпрэтаваць адносіны Масквы і Пекіна, сучасны «расійска-кітайскі саюз» таксама не з'яўляецца выключэннем з гэтага правіла. Нягледзячы на рэгулярныя заявы пра «бязмежнае партнёрства», паміж Расійскай Федэрацыяй і Кітайскай Народнай Рэспублікай існуе відавочная асіметрыя сіл.
Кітайская эканоміка ў шмат разоў перавышае расійскую па маштабах, кітайскі тэхналагічны патэнцыял імкліва расце, тады як Расія ўсё больш ператвараецца ў пастаўшчыка сыравіны і залежнага спажыўца кітайскіх тавараў. А гэта ставіць Маскву ў становішча асіметрычнага няроўнага партнёрства і падпарадкоўвае яе геапалітычныя інтарэсы стратэгічным мэтам Пекіна.
І ўсё часцей ствараецца ўражанне, што Масква паступова губляе суб'ектнасць у адносінах з Кітаем. Калі яшчэ дзесяць гадоў таму Расія імкнулася пазіцыянаваць сябе як раўнапраўны цэнтр сілы ў шматпалярным свеце, то цяпер яна ўсё больш выконвае ролю малодшага партнёра, магчымасці якога вызначаюцца гатоўнасцю Пекіна падтрымліваць яе эканамічна і палітычна.
Асаблівую ўвагу прыцягвае і той факт, што Кітай фактычна атрымлівае выгаду амаль з усіх наступстваў цяперашняга міжнароднага крызісу. Ён закупляе расійскія рэсурсы з істотнымі зніжкамі, пашырае сваю прысутнасць на расійскім рынку пасля сыходу заходніх кампаній, умацоўвае ўласную валюту як інструмент міжнародных разлікаў і пры гэтым пазбягае прамога ваеннага ўмяшання ў вайну. Пекін атрымлівае стратэгічныя перавагі без неабходнасці несці значныя палітычныя або ваенныя выдаткі.
Аднак калі ацэньваць сітуацыю ў доўгатэрміновай перспектыве, можна сцвярджаць, што Кітай выкарыстоўвае цяперашнюю слабасць Расіі для паступовага пашырэння свайго ўплыву на велізарных тэрыторыях Паўночнай Еўразіі. Асабліва гэта прыкметна ў Цэнтральнай Азіі, дзе эканамічная прысутнасць КНР ужо значна перавышае расійскую. Усё больш дзяржаў рэгіёна арыентуюцца менавіта на Пекін як на галоўнага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра.
Не менш паказальныя працэсы, якія адбываюцца на расійскім Далёкім Усходзе. Хоць пытанне аб магчымых тэрытарыяльных зменах застаецца прадметам шматлікіх палітычных дыскусій і не дае падстаў для адназначных прагнозаў, відавочнае іншае: эканамічны ўплыў Кітая на гэты рэгіён працягвае рэзка ўзмацняцца. Насельніцтва многіх прыгранічных, пакуль што расійскіх, тэрыторый скарачаецца, тады як эканамічная актыўнасць Кітая толькі расце.
Менавіта таму можна правесці цікавую палітычную аналогію. Калі гістарычна Расійская імперыя на працягу стагоддзяў пашырала свае ўладанні шляхам ваеннай экспансіі і сілавога далучэння тэрыторый іншых народаў, то сучасны Кітай усё часцей выкарыстоўвае зусім іншы механізм — эканамічнае пранікненне, інвестыцыі, фінансавую залежнасць і кантроль над стратэгічнай інфраструктурай. Гэта значна таннейшы, менш рызыкоўны і часта больш эфектыўны спосаб фармавання сфер уплыву.
З гэтага пункту гледжання можна вобразна сказаць, што Сі Цзіньпін узначаліў своеасаблівую гістарычную камісію па разбурэнні імперскіх ілюзій сучаснай Расіі. Ідзе гаворка пра паступовае пазбаўленне яе статусу вялікай глабальнай дзяржавы, што на працягу стагоддзяў было адным з галоўных элементаў расійскай палітычнай ідэнтычнасці.
У Пекіне выдатна разумеюць, што Расія — штучна створаная дзяржава. А сучасная Расійская Федэрацыя атрымала ў спадчыну тэрыторыі, сфармаваныя ў выніку шматвяковай экспансіі Расійскай імперыі і СССР, у склад якіх увайшлі землі многіх розных народаў, што маюць уласную культурную, моўную і гістарычную самабытнасць. Менавіта гэтая шматнацыянальная структура доўгі час заставалася крыніцай як сілы, так і ўнутраных супярэчнасцяў.
Безумоўна, вайна Расіі супраць Украіны значна пагоршыла гэтыя ўнутраныя праблемы. Каласальныя ваенныя выдаткі, дэмаграфічныя страты, эканамічны ціск санкцый, тэхналагічнае адставанне і ўсё большая цэнтралізацыя ўлады паступова падрываюць устойлівасць дзяржаўнай сістэмы. Пры гэтым рэгіянальныя эліты ўсё часцей змушаныя дзейнічаць ва ўмовах скарачэння рэсурсаў, што ўзмацняе залежнасць ад федэральнага цэнтра.
Ці азначае гэта непазбежны распад Расійскай Федэрацыі? Гісторыя ведае нямала выпадкаў, калі вялікія дзяржавы перажывалі глыбокія крызісы без страты тэрытарыяльнай цэласнасці, як і існуюць прыклады іх распаду. Таму ні адзін з гэтых сцэнароў нельга лічыць загадзя вызначаным. Хаця становіцца відавочна, што Расія ўваходзіць у працяглы перыяд сістэмнай структурнай дэградацыі, вынікі якой будуць залежаць ад сукупнасці ўнутраных і знешніх фактараў.
Для Украіны цяпер прынцыпова важнае іншае. Незалежна ад таго, якой будзе будучая форма дзяржаўнасці Расіі, істотнае паслабленне яе ваеннага, эканамічнага і палітычнага патэнцыялу аб'ектыўна звужае магчымасці Масквы для вядзення агрэсіўнай знешняй палітыкі.
Менавіта таму стратэгічнай зацікаўленасцю Украіны з'яўляецца не толькі дэмантаж імперскай структуры Расійскай Федэрацыі ў яе цяперашнім выглядзе, але і фармаванне такой міжнароднай прасторы, у якой ні Расія, ні якая-небудзь іншая таталітарная дзяржава не будуць мець магчымасці сілай навязваць сваю волю суседзям.
Пасля завяршэння расійска-ўкраінскай вайны пытанне бяспекі аб'яднанай Еўропы будзе вызначацца не толькі будучыняй Украіны ў яе складзе, але і тым, якой стане сама Расія. Калі яна захавае пачварную рэваншысцкую ідэалогію і архайчнае імперскае мысленне, пагроза новых канфліктаў застанецца высокай.
Калі ж Расія пойдзе шляхам дэімперыялізацыі, дэпуцінізацыі, дэмілітарызацыі, дэрадыкалізацыі і дэакупацыі — вяртання ўсіх захопленых тэрыторый іншым дзяржавам (Украіне, Грузіі, Малдове, Японіі), — гэта створыць умовы для яе вяртання ў цывілізаваную міжнародную супольнасць і пабудовы бяспечнага міру.
Аднак сёння можна зрабіць толькі адну выснову: Масква ўсё глыбей інтэгруецца ў сферу кітайскага эканамічнага і палітычнага ўплыву, паступова губляючы прастору для самастойнай геапалітычнай гульні.
У кароткатэрміновай перспектыве гэта дазваляе Крамлю хоць як-небудзь падтрымліваць функцыянаванне сваёй падарванай вайной эканомікі і працягваць сваё самазнішчальнае супрацьстаянне з Захадам. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве такая мадэль усё больш нагадвае не саюз роўных дзяржаў, а адносіны, у якіх адзін бок вызначае правілы гульні, а другі вымушаны да іх прыстасоўвацца.
Гісторыя неаднаразова дэманстравала, што імперыі рэдка абвальваюцца імгненна. Найчасцей іх заняпад адбываецца паступова: спачатку губляецца эканамічная магутнасць, затым тэхналагічнае лідарства, далей — палітычны ўплыў, і толькі пасля гэтага становяцца відавочнымі геапалітычныя наступствы.
Ці стане гэты працэс незваротным для Масковіі, пакажа час. Аднак ужо цяпер відавочна, што цэнтр прыцягнення еўразійскай палітыкі ўсё хутчэй зрушваецца ад Масквы да Пекіна, а гэта азначае фундаментальную змену балансу сіл, наступствы якой будуць вызначаць міжнародную палітыку на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Страта Расійскай Федэрацыяй статусу дамінуючага еўразійскага цэнтра і яе дэградацыя да ўзроўню малодшага партнёра Кітая стварае для Украіны кардынальна новую геапалітычную рэальнасць у сферы бяспекі.
З аднаго боку, тэктанічнае паслабленне Масквы аб'ектыўна зніжае яе доўгатэрміновы наступальны патэнцыял, разбурае міф пра «непераможную звышдзяржаву» і адкрывае для Кіева гістарычнае акно магчымасцяў для канчатковай інтэграцыі ў еўраатлантычную архітэктуру бяспекі як неад'емнага і моцнага элемента абароны Захаду.
З другога боку, ператварэнне Расійскай Федэрацыі ў сыравінны і тэхналагічны прыдатак Пекіна азначае, што будучыя дэакупацыя, выплата рэпарацый, аднаўленне і гарантыі бяспекі для Украіны будуць усё мацней залежаць ад глабальнага супрацьстаяння ЗША і КНР.
Пры такім раскладзе суб'ектнасць Украіны ў свеце ўзмоцніцца толькі пры ўмове, што Кіеў зможа выйсці за межы статусу атрымальніка заходняй дапамогі і замацуецца як самастойны стратэгічны гулец, здольны эфектыўна стрымліваць як прамыя ваенныя пагрозы з Усходу, так і схаваную эканамічную і інфармацыйную экспансію новай азіяцкай дзяржавы.
Даследаванне геапалітычнага трыкутніка паміж Пекінам, Масквой і Бруселем сведчыць, што Кітай кіруецца выключна прагматычным балансам доўгатэрміновых інтарэсаў, пры якім эканамічная рацыянальнасць выразна падпарадкоўваецца стратэгічнай бяспецы. Для Украіны гэта азначае, што прыцягненне Кітая ў якасці гаранта міру, надзейнага пасярэдніка або непрадузятага арбітра малаверагодна.
Паколькі яго палітыка адносна расійска-ўкраінскай вайны вызначаецца не нормамі міжнароднага права ці сімпатыямі, а імкненнем выкарыстаць Маскву як стратэгічны буфер і таран супраць глабальнага дамінавання Злучаных Штатаў, адначасова мінімізуючы ўласныя эканамічныя страты ад санкцый з боку Бруселя.