На расійска-беларускай мяжы кіроўцу не дазволілі ўвезці бензін у Беларусь з РФ
- 6.07.2026, 14:20
Падобнае адбылося ўпершыню.
На расійска-беларускай мяжы ў пункце пропуску Коськово-Клюкино кіроўцу не далі ўвезці бензін з Расіі ў Беларусь, пра гэта піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEM.
Аўтары канала пішуць, што такое адбылося ўпершыню.
Расійскія памежнікі абгрунтавалі рашэнне тым, што ў Расіі дзейнічае забарона на вываз паліва за мяжу, таму ў дадатковай каністры павінна быць не больш за 10 літраў паліва.
Вываз бензіну ў Расію з Беларусі пры гэтым нічым не абмежаваны, што ўжо прывяло да дэфіцыту каністраў у прыгранічных раёнах.
20-літровыя сталёвыя каністры ў Беларусі вырабляюцца ў тым ліку ў калоніях, у прыватнасці ў ІК-8 у Оршы. Зараз кошт вырабу на сайце калоніі не пазначаны, на маркетплэйсах, як піша тэлеграм-канал, кошт каністры вырас да 60 еўра.
Акрамя таго, вядома пра ўзрослыя чэргі на мяжы Расіі і Беларусі. На КПП «Красная горка» (траса М1 Мінск-Масква) час чакання склаў да пяці гадзін.
Паліўны крызіс у Расіі пачаўся з лета мінулага года на фоне атак ЗСУ на нафтавую інфраструктуру краіны.