Украіна склікае надзвычайнае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН
- 6.07.2026, 15:26
Кіеў дамагаецца рэакцыі на тэрор РФ.
Украіна ініцыявала надзвычайнае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН пасля чарговага масіраванага расійскага абстрэлу, які адбыўся ў ноч на 6 ліпеня. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў краіны Андрэй Сібіга.
Кіраўнік МЗС заклікаў Дэмакратычную Рэспубліку Конга, якая цяпер старшынствуе ў Савеце, і пастаянных членаў Савета Бяспекі падтрымаць просьбу Украіны аб правядзенні пасяджэння пасля другой за апошнія некалькі дзён маштабнай атакі РФ.
«Кожная расійская ракета, запушчаная супраць Украіны, нясе пасланне, якое выходзіць далёка за нашыя межы. Яно заклікана пераканаць свет, што гвалт можа замяніць закон, што страх мацнейшы за салідарнасць і што жорсткасць застаецца беспакаранай», — напісаў Сібіга.
Міністр заклікаў міжнародную супольнасць да адзінства ў стрымліванні расійскай агрэсіі.
«Запаволеная або слабая рэакцыя не здольная спыніць тэрор. Толькі моцныя, прынцыповыя і своечасовыя дзеянні могуць гэта зрабіць», – падкрэсліў чыноўнік.
Нагадаем, у ноч на 6 ліпеня Расійская Федэрацыя здзейсніла масіраваную камбінаваную атаку па тэрыторыі Украіны. Паводле даных украінскага боку, былі запушчаныя 6 супрацькарабельных ракет 3М22 «Цыркон»/«Онікс» і 23 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-400. Паведамляецца, што зафіксаваныя пападанні 29 балістычных ракет, уключаючы супрацькарабельныя.
У выніку ўдару ў Кіеве павялічваецца колькасць загінулых. У Дарніцкім і Падольскім раёнах сталіцы зафіксаваныя пападанні ў жылыя шматпавярховыя дамы, пашкоджаныя грамадзянскія аб’екты.