У Беларусі змянілі правілы атрымання зямельных участкаў
- 6.07.2026, 16:12
Стала вядома, каго закрануць новыя нормы.
У Беларусі змянілі правілы атрымання зямельных участкаў. Некаторыя з тых, хто стаяў у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, змогуць паўторна прэтэндаваць на зямлю пасля адмовы ад участка, а сем'і з дзецьмі з інваліднасцю атрымаюць права на асобную чаргу. Пра гэта на прэс-канферэнцыі аб падпісанні Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін» расказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай Бобер.
Згодна з новаўвядзеннямі, калі чалавек, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адмовіўся ад зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання жылага дома па паважных прычынах, ён можа зноў прэтэндаваць на ўчастак.
Да паважных прычын адносяцца заключэнне або скасаванне шлюбу, наяўнасць статусу шматдзетнай сям'і, накіраванне на працу (службу) ў іншую мясцовасць, змена месца жыхарства, напрыклад, выезд за межы раёна.
Акрамя таго, зямельны ўчастак па-за агульнай чаргой зможа атрымаць адзін з чальцоў сям'і, у якой ёсць дзеці з інваліднасцю да 18 гадоў. Чалавек павінен мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры гэтым атрыманне ўчастка будзе адбывацца ў парадку іншай чаргі — з ліку людзей, якія прэтэндуюць на зямлю ў падобнай сітуацыі.
«То бок фактычна ім трэба стаць у чаргу ў адпаведны выканкам, каб іх уключылі ў спіс (людзей з сем'яў, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю)», — сказаў Мікалай Бобер.
Ён дадаў, што ў новым законе таксама сказана, што выканкамы будуць вызначаць катэгорыі асоб, якім зямельныя ўчасткі, у тым ліку для пэўных мэтаў, прадастаўляюцца без правядзення аўкцыёну.
«Напрыклад, лекары, настаўнікі, работнікі аграпрамысловага комплексу і іншыя, што будзе спрыяць замацаванню спецыялістаў на месцах», — сказаў Мікалай Бобер.