Польшча расакрэціла ваенную дапамогу Украіне
- 6.07.2026, 23:32
Больш за 90% дапамогі Варшава перадала ў 2022–2023 гадах.
Міністэрства абароны Польшчы апублікавала звесткі аб ваеннай дапамозе Украіне з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі. Яе агульны кошт складае 16,45 млрд злотых (каля 3,87 млрд еўра. – Рэд.). Пра гэта паведамілі на афіцыйным сайце ведамства па выніках прэс-канферэнцыі міністра абароны Польшчы Уладзіслава Касіняка-Камыша.
Польшча патлумачыла, чаму ваенная дапамога Украіне адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, і фактычна пацвердзіла, што не будзе згортваць ваенную падтрымку Украіны, нягледзячы на ўнутраныя палітычныя дыскусіі і крытыку.
На працягу 2024–2026 гадоў Польшча перадала Украіне дапамогу на суму 1,55 млрд злотых (365 млн еўра. – Рэд.), што складае 9,4% ад агульнага аб’ёму.
Касіняк-Камыш паведаміў, што ваенная дапамога Польшчы Украіне ажыццяўляецца па трох асноўных напрамках:
– перадача ваеннай тэхнікі і ўзбраення
– падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў, перш за ўсё ў межах еўрапейскай місіі
– стварэнне лагістычнага хаба на базе аэрапорта Жэшув-Ясенка, праз які ажыццяўляецца транспартаванне ваеннай тэхнікі і гуманітарнай дапамогі. У гэты напрамак уваходзіць забеспячэнне бяспекі чыгуначных і аўтамабільных маршрутаў, а таксама ахова тэхнікі, якая перадаецца Украіне.
Польшча перадала Украіне танкі Т-72, PT-91 і Leopard 2A4, бронетранспарцёры, баявыя машыны пяхоты, знішчальнікі МіГ-29, верталёты Мі-2, рэактыўныя пускавыя ўстаноўкі, а таксама танкавыя, артылерыйскія і мінамётныя боепрыпасы.
Асобна міністр пацвердзіў перадачу Украіне ракет для сістэм Patriot. Паводле яго слоў, рашэнне было прынятае пасля кансультацый з НАТА, а перададзены аб’ём ракет не паўплываў на магчымасці польскай супрацьпаветранай абароны.
Пытанне аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29 застаецца адкрытым. Паводле міністра, Кіеў пацвердзіў зацікаўленасць у самалётах і прапанаваў узамен перадаць Польшчы беспілотнікі на працягу бліжэйшых двух гадоў.
Кожнае рашэнне аб перадачы зброі Украіне прымалася толькі пасля ацэнкі Генеральнага штаба Войска Польскага, каб не аслабіць абароназдольнасць краіны.
«Лінія бяспекі Польшчы сёння праходзіць на ўкраінска-расійскім фронце. Чым больш расійскіх ракет будзе збіта, чым больш расійскіх дронаў будзе знішчана, тым бяспечней будзе Польшча», – заявіў Касіняк-Камыш.
Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заклікаў польскіх палітыкаў не выкарыстоўваць тэму ваеннай дапамогі Украіне ва ўнутрыпалітычнай барацьбе. Паводле яго слоў, падтрымка Кіева непасрэдна ўплывае на бяспеку самой Польшчы.