Лівень у Гродне заліў дом з 10-га па 1-ы паверх
- 7.07.2026, 2:29
Вада лілася нават з разетак і выключальнікаў.
Пасля наймацнейшай спёкі ў Гродне прыйшло пахаладанне, а следам за ім і ападкі. Асабліва «мокра» было ў нядзелю: на горад абрынуліся некалькі ліўняў запар. І скончылася ўсё не толькі лужамі на вуліцы. Моцна затапіла і адну з шматпавярховак на Індурскім шасэ, піша Newgrodno.by.
Паводле слоў чытачкі выдання, якая даслала відэа, падчас ліўню літаральна «паплыла» ўся кватэра.
«Вада лілася нават з разетак і выключальнікаў», — распавядае яна.
Жанчына адзначае, што пакоі кватэры ператварыліся ў сапраўднае возера. Скрынкі з абуткам у адной з шаф ператварыліся ў нейкае месіва з мокрага картону.
Цалкам намок і дыван у спальні. А ў санвузле вада стаяла літаральна па шчыкалаткі.
З падлогі кватэры было сабрана дзевяць вёдраў вады. А дакладны аб’ём шкоды яшчэ давядзецца вызначыць.
Чытачка сцвярджае, што вадой заліло кватэры з 10-га па 1-ы паверх: то бок літаральна ўвесь пад’езд.
«На нашым паверсе дакладна тры кватэры пацярпелі», — кажа яна.
Дарэчы, у гэтым доме гэта не першы патоп. Аналагічная сітуацыя была і год таму. Тады сарвала ліўнёўкі на тэхнічным паверсе. «Потым іх рамантавалі, але, відаць, гэтым разам зноў нешта пайшло не так», — прызнаецца чытачка. Паводле яе слоў, пасля патопу на месца прыязджала «аварыйка», і трубы зноў паставілі на сваё месца.