У Гомельскім парку дрэвы лечаць кропельніцамі
- 7.07.2026, 10:37
Што адбываецца?
Наведвальнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля заўважылі на дрэвах незвычайныя кропельныя сістэмы. Так у парку пачалі лячыць ясені ад небяспечнага шкодніка — смарагдавай ясеневай златкі, паведамляе БелТА.
Як патлумачылі ў установе, дарослыя асобіны златкі сілкуюцца зялёнай масай дрэва, але галоўную шкоду наносяць лічынкі. Яны ўгрызаюцца ў кару, пашкоджваюць праводзячыя судзіны, па якіх дрэва атрымлівае харчаванне, і ў выніку расліна ўсыхае.
«Насаджэнні ясеня ў парку з'яўляюцца як культурна-гістарычнай, так і батанічнай каштоўнасцю. І захаваць іх — цяпер наша асноўная задача», — адзначылі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Чаму кропельніцы?
Звычайна з такімі шкоднікамі змагаюцца апырскваннем інсектыцыдамі па кроне і ствале. Але ў парку гэты спосаб не падыходзіць: дрэвы занадта высокія, а выкарыстанне інсектыцыдаў праз апырскванне або ўнясенне ў глебу ў гарадскіх умовах мае абмежаванні.
Таму спецыялісты ансамбля разам з Інстытутам лесу НАН Беларусі вырашылі паспрабаваць кропельны метад. Інсектыцыд уводзяць непасрэдна ў праводзячыя тканкі дрэва — імі вада і раствораныя рэчывы паднімаюцца ад каранёў да лісця. У выніку дарослыя насякомыя гінуць, калі сілкуюцца зелянінай, лічынкі — ад прэпарату ўнутры дрэва.
Пасля апрацоўкі ад шкодніка праз тыя ж адтуліны ў ясенях увядуць стымулятары росту. Яны павінны дапамагчы дрэвам аднавіцца і набраць зялёную масу для харчавання.
У першую чаргу кропельніцы ўсталёўваюць на найбольш каштоўныя і старыя дрэвы, а таксама на тыя, у якіх пашкоджанне не перавышае 50%.
Частку дрэў, прызналі спецыялісты, ужо не ўратаваць. Іх будуць выдаляць дзеля бяспекі наведвальнікаў і захавання выгляду парка.
Зразумець, наколькі эфектыўным акажыцца метад, спецыялісты змогуць бліжэй да восені. Але, хутчэй за ўсё, дакладны вынік будзе бачны толькі наступнай вясной, калі дрэвы пачнуць выпускаць новае лісце.
Адміністрацыя просіць наведвальнікаў не чапаць абсталяванне: сістэмы крохкія, а любое ўмяшанне можа парушыць лячэнне.