Развенчаны міф пра малочныя прадукты
- 8.07.2026, 8:47
Не варта турбавацца пра халестэрын.
Штодзённае ўжыванне цэльнамалочных прадуктаў у памяркоўнай колькасці не прыводзіць да павелічэння масы цела, не павышае ўзровень «дрэннага» халестэрыну і не пагаршае адчувальнасць да інсуліну. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Канады. Вынікі клінічнага даследавання апублікаваныя у The Journal of Nutrition (JN).
У даследаванні ўзялі ўдзел 74 дарослыя людзі з лішняй масай цела або атлусценнем, якіх выпадковым чынам падзялілі на тры групы. На працягу 12 тыдняў адна група прытрымлівалася нізкакаларыйнай дыеты з абмежаваннем малочных прадуктаў, другая штодзённа ўжывала тры порцыі цэльнамалочных прадуктаў у межах звычайнай каларыйнасці рацыёну, а трэцяя таксама атрымлівала тры порцыі тлустых малочных прадуктаў без абмежавання агульнай каларыйнасці харчавання. Пры гэтым усе ўдзельнікі выконвалі рэкамендацыі па здаровым харчаванні.
Аналіз паказаў, што ў людзей, якія штодня ўжывалі цэльнамалочныя прадукты, маса цела, працэнт тлушчавай тканіны, узровень агульнага халестэрыну і іншыя паказчыкі ліпіднага абмену практычна не адрозніваліся ад удзельнікаў, якія елі іх абмежавана. Таксама даследчыкі не выявілі пагаршэння адчувальнасці тканак да інсуліну — паказчыка, звязанага з рызыкай развіцця цукровага дыябету другога тыпу.
Пры гэтым у ўдзельнікаў, якія рэгулярна ўключалі ў рацыён тлустыя малочныя прадукты, адзначалася зніжэнне артэрыяльнага ціску. У гэтай групе таксама назіралася больш высокае спажыванне кальцыю, бялку і вітаміну D.
Аўтары адзначаюць, што вынікі ставяць пад сумнеў распаўсюджанае меркаванне пра тое, што цэльнамалочныя прадукты аўтаматычна павышаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў з-за ўтрымання насычаных тлушчаў. Паводле іх слоў, важна ўлічваць так званую «малочную матрыцу» — складаную структуру малочных прадуктаў, у якой тлушчы, бялкі, кальцый і іншыя кампаненты ўзаемадзейнічаюць між сабой і могуць уплываць на іх засваенне і ўздзеянне на арганізм.