Адвакат расказала, ці павінны бабулі і дзяды плаціць аліменты на ўнукаў
- 8.07.2026, 9:35
У законе ёсць адназначны адказ.
У Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама паведамілі, ці абавязаныя бабулі і дзяды плаціць аліменты на ўнукаў у Беларусі.
Так, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Добрушскага раёна Вікторыя Раманчыкава адказала, ці ўскладаецца на бабуль і дзядоў абавязак выплачваць аліменты замест сваіх дарослых дзяцей, калі тыя не ўтрымліваюць уласных.
- Дзеючае беларускае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці спагнання аліментаў з дзеда або бабулі на ўтрыманне ўнукаў у выпадках, калі бацькі дзіцяці ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў, — растлумачыла юрыстка.
Адвакат падкрэсліла, што паводле закона ў Беларусі менавіта бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх дзяцей (арт. 91 Кодэкса Беларусі аб шлюбе і сям'і). Пры гэтым дадзены абавязак захоўваецца незалежна ад сямейнага становішча, наяўнасці працы, узроўню даходаў, сумеснага або асобнага пражывання з дзіцем.
І нават калі бацька або маці хаваюць свае даходы, не працуюць, ухіляюцца ад выплаты аліментаў, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, то абавязак па выплаце аліментаў аўтаматычна не пераходзіць на іх бацькоў.
- Дзед і бабуля не становяцца даўжнікамі па аліментах замест сваіх дзяцей, — канстатавала спецыялістка.
Тут жа адвакат удакладніла, што закон не можа прымусова абавязаць бабулю або дзеда ўтрымліваць унукаў. Аднак яны могуць дапамагаць і дзецям, і ўнукам на добраахвотнай аснове. Але такая падтрымка — асабістае рашэнне сям'і, а не юрыдычны абавязак.