Каменны НЛА: крыніцай касмічнага пылу на Зямлі з’яўляюцца непазнаныя аб’екты ў космасе
- 8.07.2026, 11:51
Апублікаваныя вынікі новага даследавання.
На нашу планету пастаянна трапляюць касмічны пыл і мікраметэарыты, якія могуць перажыць уваход у атмасферу. Аказалася, што 10% касмічнага пылу мае невядомае паходжанне. Даследаванне апублікавана ў часопісе Science Advances, піша Phys.
Некаторыя мікраметэарыты плаўяцца пры ўваходзе ў атмасферу і набываюць сферычную форму. Гэтыя сферычныя часціцы губляюць свой першапачатковы мінеральны склад падчас нагрэву ў атмасферы, што ўскладняе вызначэнне крыніцы іх паходжання. То бок, часткай якіх менавіта астэроідаў яны былі.
Вучоныя высветлілі, што каля 10% касмічнага пылу, знойдзенага на Зямлі, мае незвычайны хімічны склад і не адпавядае ніводнай вядомай групе астэроідаў.
Вучоныя таксама высветлілі, што некаторыя сферычныя часціцы маглі мець незвычайна высокія хуткасці ўваходу ў атмасферу, што можа сведчыць пра незвычайную арбіту іх бацькоўскіх астэроідаў.
Аўтары даследавання вывучылі хімічны, мінеральны склад і структуру некалькіх груп касмічных сферычных часціц з Антарктыды і іншых рэгіёнаў свету, каб вызначыць крыніцу іх паходжання.
Яны выявілі нізкае ўтрыманне ізатопу кісларод-16, незвычайную амаль поўную адсутнасць магнетыту, нізкае ўтрыманне часта сустракаемых злучэнняў жалеза і нікелю з серой і незвычайна вялікае ўтрыманне серы.
Мадэляванне паказала, што крыніцамі незвычайнай групы касмічнага пылу з’яўляюцца каляземныя астэроіды, якія яшчэ не ўнесены ў астранамічныя каталогі. Верагодна, гэта раней не даследаваныя, прымітыўныя, багатыя сульфідамі вугляродзістыя астэроіды, якія перасякаюць арбіту Зямлі. Даследчыкі кажуць, што выяўленне гэтых астэроідаў будзе адным з найважнейшых адкрыццяў.