Расійскі генерал: Расіі пагражаюць распад і грамадзянская вайна
- 8.07.2026, 19:11
У РФ ёсць паўгода—год на спыненне вайны.
Расіі пагражаюць унутраныя ўзброеныя канфлікты і распад дзяржавы ў бліжэйшы год, калі яна не спыніць уварванне ва Украіну. Пра гэта ў інтэрв’ю расійскаму «Эхо» заявіў дзеючы генерал расійскай арміі, імя якога журналісты не называюць.
«Хутчэй за ўсё, у нас ёсць паўгода—год на прыняцце рашэнняў, не больш», — заявіў ён, адзначыўшы, што далей армія акупантаў сутыкнецца з крытычным недахопам салдат, а ў грамадстве ўзмоцняцца ўнутраныя супярэчнасці.
Па яго словах, барацьба за рэсурсы ў РФ стане галоўнай ідэяй, што з вялікай верагоднасцю азначае грамадзянскую вайну. Гэта прывядзе да развалу дзяржавы як такой, лічыць генерал.
Каментуючы нядаўняе інтэрв’ю Уладзіміра Пуціна Паўлу Зарубіну, а таксама «нараду» з военачальнікамі аб становішчы спраў на фронце, герой інтэрв’ю заявіў, што ўяўленні кіраўніка Крамля моцна разыходзяцца з рэальнасцю.
«Даклад перабольшаны адносна рэальнага становішча прыкладна ўдвая», — кажа ён.
Мэта выступлення Пуціна — паўплываць на меркаванне амерыканскай адміністрацыі і стварыць уяўнасць пазітыўнага дыялогу перад выбарамі ў Кангрэс ЗША і Дзярждуму, лічыць прадстаўнік арміі. Ён пагадзіўся з меркаваннем, што Пуціну хлустуць у дакладах, і менавіта гэта ў яго асяроддзі заахвочваецца.
«Хлусня самага касмічнага маштабу ўспрымаецца пазітыўна, не караецца і не расследуецца», — адзначыў ён.
Асобна генерал выказаўся пра правалы расійскай супрацьпаветранай абароны, у тым ліку ў Маскве. Паводле яго, вопытных камандзіраў у ваенна-касмічных войсках замянілі на «зручных дакладчыкаў», а сістэма кіравання СПА за апошнія два гады фактычна разбурана Генштабам. Усталяванне зенітных комплексаў «Панцыр» на дахах вышынных будынкаў у Маскве ён назваў імітацыяй абароны.
«Гэта вяршыня крэтынізму. Але ўспрымаецца як «крэатыўныя рашэнні». А гэта проста падман народа і маскоўскага кіраўніцтва», — упэўнены вайсковец.
Генерал таксама дапусціў, што ў найбліжэйшы час Крэмль можа пайсці на схаваную або афіцыйна абвешчаную мабілізацыю, каб паспрабаваць цалкам захапіць украінскі Данбас. Поўнамаштабную вайну з еўрапейскімі краінамі або прымяненне ядзернай зброі ён назваў «чыстай фантазіяй», якая не мае тэхнічнага і фізічнага абгрунтавання.