Макрон паабяцаў вярнуць Сірыі канфіскаваныя ў чальца сям'і Асада грошы
- 8.07.2026, 20:43
Парыж перадасць Дамаску больш за €50 млн.
У ходзе візіту ў Сірыю прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў вярнуць краіне больш за €50 млн, атрыманыя ад канфіскаванай маёмасці Рыфата Асада, паведамляе Le Monde.
Рыфат Асад — дзядзька скінутага дыктатара Башара Асада. Ён атрымаў мянушку «мяснік Хамы» за ўдзел у крывавым падаўленні паўстання ў гэтым горадзе ў 1982 годзе. Рыфат Асад быў выгнаны з Сірыі ў 1983 годзе пасля спробы дзяржаўнага перавароту. Ён жыў у эміграцыі і памёр на пачатку 2026 года ва ўзросце 88 гадоў.
У 2021 годзе ў Францыі дзядзьку сірыйскага прэзідэнта прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за адмыванне грошай і растраты дзяржаўных сродкаў сірыйскага ўрада. Пры гэтым яму дазволілі пакінуць краіну, каб пазбегнуць турмы.
Актывы Рыфата Асада ў Францыі былі канфіскаваныя. У спіс канфіскаванай маёмасці ўвайшлі некалькі дзесяткаў кватэр, асабнякі ў прэстыжных раёнах Парыжа, замак, конны завод, офісныя памяшканні ў Ліёне. Агульны кошт канфіскаванай нерухомасці ацэньваецца прыкладна ў €90–100 млн.
Планы па вяртанні часткі гэтых сродкаў задокументаваныя ў падпісаным Францыяй і Сірыяй лісце аб намерах. Адзначаецца, што гэтыя грошы плануецца накіраваць на канкрэтныя грамадзянскія праекты на тэрыторыі Сірыі.