З'явіліся падрабязнасці бою F-16 і Су-35
- 9.07.2026, 7:56
Украінцы заманілі расійскага лётчыка ў пастку.
Украінскі журналіст Іван Якавіна паспрабаваў аднавіць храналогію паветранага бою паміж украінскімі F-16 і расійскім Су-35, які скончыўся паражэннем расійскага знішчальніка, піша «Дыялог».
Каментуючы інфармацыю з расійскіх крыніц, журналіст прыйшоў да высновы, што ўкраінскія лётчыкі хітрасцю заманілі расійскага лётчыка ў пастку, дзе яго атакавалі ракеты і з паветра, і з зямлі. Якавіна адзначыў, што Су-35 — больш новы знішчальнік, чым F-16, з лепшымі радарамі і дальнабойнымі ракетамі. Журналіст мяркуе, што, заўважыўшы ўкраінскія F-16, Су-35 пагнаўся за імі, разлічваючы збіць іх, спадзеючыся на сваю перавагу ў характарыстыках.
«Але ўкраінскія лётчыкі не пачалі ўцякаць, яны нібыта разгарнуліся і далі яму бой. У сучасных умовах паветраны бой азначае запуск ракет па праціўніку і адначасовае ўхіленне ад ракет праціўніка. Для поспеху ў гэтым баі даводзіцца вельмі шмат манеўраваць, набіраць і зніжаць вышыню, спрабаваць неяк абыйсці праціўніка з флангу і гэтак далей. Але, як мы бачым з расійскіх тлумачэнняў, у пэўны момант украінцы хітрасцю, відаць, завялі варожы Су-35 у зону дзеяння наземнага зенітна-ракетнага комплексу Patriot, і па Су-35 ракеты паляцелі яшчэ і з зямлі», — заявіў журналіст.
Такім чынам, расійскаму лётчыку давялося адначасова ўхіляцца ад ракет двух F-16 і ЗРК Patriot, што з'яўляецца надзвычай складанай задачай. У выніку адна з ракет паразіла варожы знішчальнік. Пры гэтым Якавіна лічыць, што ў Су-35 трапіла ракета AMRAAM, выпушчаная адным з F-16, а не ракета Patriot.
«Судзячы па тым, што расійскі лётчык выжыў, прынамсі расіяне пра гэта гавораць, у самалёт, хутчэй за ўсё, я не магу гарантаваць на сто працэнтаў, але, хутчэй за ўсё, трапіла не ракета Patriot. Я растлумачу, чаму. Гэта ракета вельмі вялікая, яна стварае гіганцкі выбух з воблакам металічных шарыкаў, які ператварае і самалёт, і яго лётчыка проста ў рэшата, выжыць пры такім выбуху проста нерэальна», — патлумачыў журналіст.