Калі ў Расіі пачнецца рэвалюцыя?
- Віталій Надурак
- 9.07.2026, 11:18
Адказ на гэтае пытанне значна складанейшы, чым можа падацца.
На тле нарастаючай незадаволенасці расіян становішчам спраў у сваёй краіне ўсё часцей гучыць пытанне: калі ж яны нарэшце пачнуць бунтаваць?
Падобныя размовы зразумелыя, бо многім хочацца верыць, што расійскі рэжым неўзабаве рухне пад ціскам унутраных праблем. Аднак адказ на гэтае пытанне значна складанейшы, чым можа падацца.
Калі я чую размовы на гэтую тэму, узгадваю кнігу вядомага даследчыка рэвалюцый Джэка Голдстоўна. У ёй ён сфармуляваў тое, што назваў «парадоксам рэвалюцыі»: рэвалюцыі немагчыма прадказаць, але пасля таго, як яны адбываюцца, ланцужок падзей, што прывёў да іх, здаецца цалкам відавочным. Менавіта таму рэвалюцыі звычайна становяцца нечаканасцю для ўсіх — кіраўнікоў, замежных дзяржаў і нават саміх рэвалюцыянераў.
Справа ў тым, што фактары, якія ствараюць перадумовы для рэвалюцыі, добра вядомыя. Рост незадаволенасці насельніцтва, эканамічныя цяжкасці, канфлікты ўнутры эліт, неспрыяльная міжнародная сітуацыя і іншыя падобныя фактары могуць сур'ёзна аслабіць рэжым і зрабіць яго ўразлівым.
Аднак ніводны з іх — і нават усе разам — аўтаматычна не прыводзяць да рэвалюцыі. Улада можа падавіць незадаволенасць рэпрэсіямі, накіраваць яе ў выгаднае для сябе рэчышча, а грамадства — паступова прыстасавацца нават да рэзкага пагаршэння ўмоў жыцця.
Менавіта таму Голдстоўн падкрэслівае: даследчыкі здольныя вызначыць, у якіх краінах рэвалюцыя магчымая, але не могуць прадказаць, ці адбудзецца яна насамрэч.
Сітуацыя ў Расіі сёння сапраўды адпавядае шмат якім умовам, якія Голдстоўн лічыць перадумовамі рэвалюцый. Нязадаволенасць цяперашнім становішчам спраў становіцца заўважнай сярод усё большай часткі насельніцтва і вайскоўцаў. Прадстаўнікі расійскіх эліт усё часцей — хоць пераважна ананімна — выказваюць у заходніх СМІ нязгоду з палітыкай Пуціна. Эканамічныя праблемы паглыбляюцца, а ход вайны супраць Украіны ўсё менш адпавядае чаканням Крамля. Усё гэта дае падставы меркаваць, што рэвалюцыя ў Расіі цалкам магчымая. Аднак прадказаць, ці перарастуць гэтыя фактары ў рэвалюцыйныя падзеі, немагчыма. І толькі калі рэвалюцыя ўсё ж адбудзецца, стане зразумела, які менавіта ланцужок падзей прывёў да яе.
Голдстоўн таксама звяртае ўвагу на яшчэ адну важную акалічнасць. Калі неабходныя перадумовы ўжо склаліся, то нават параўнальна нязначная падзея можа стаць той іскрай, якая запусціць рэвалюцыйны працэс. Якой будзе гэтая падзея і ці адбудзецца яна наогул — прадказаць гэтак жа немагчыма.
Таму, як бы нам ні хацелася, каб у Расіі нарэшце ўспыхнуў бунт, які пакладзе канец рэжыму, што вядзе вайну супраць Украіны, такі сцэнар не з'яўляецца непазбежным і тым больш не гарантаваны. Адпаведна, нам варта захоўваць інтэлектуальную сціпласць і цярпенне, працуючы над умацаваннем умоў, спрыяльных для змены расійскага рэжыму. А далей гісторыя і яго вялікасць Выпадак усё расставяць па сваіх месцах.
Віталій Надурак, New Voice