Падружжа расіян асудзілі ў Польшчы за шпіянаж
- 9.07.2026, 18:47
Іх прысудзілі да 7 і 3 гадоў пазбаўлення волі.
Расіянін Ігар Рогаў, які пасля пачатку вайны РФ супраць Украіны атрымаў у Польшчы палітычны прытулак, прадставіўшыся апазіцыянерам, і на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаў з Федэральнай службай бяспекі (ФСБ) Расіі, прысуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта ў чацвер, 9 ліпеня, паведаміла польскае выданне Onet са спасылкай на Акруговы суд у Сасноўцы.
Сужонка Рогава — Ірына — прысуджаная да 3 гадоў. Яна прызнаная вінаватай у спрыянні шпіёнскай дзейнасці. Суд разглядаў справы ў адным працэсе.
Згодна з высновамі польскіх следчых, затрыманы Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы (ABW) летам 2024 года Рогаў, які раней быў намеснікам каардынатара штаба Аляксея Навальнага у Саранску, перадаваў ФСБ звесткі не толькі пра расійскіх апазіцыйных дзеячоў, што эмігравалі на Захад, але і пра польскія структуры, што дапамагаюць расійскім эмігрантам, пра працу чыноўнікаў польскага МЗС, а таксама пра тых, хто навучае расіян польскай мове. Адпаведныя даныя мужчына перадаў на флэш-картцы жонцы, якая збіралася з’ездзіць да родных у Расію, гаварылася ў матэрыялах справы.
Ігар Рогаў заявіў следчым, што дзейнічаў пад ціскам ФСБ, якая нібыта шантажавала яго пагрозай мабілізаваць бацьку на вайну супраць Украіны. «Я быў пад ціскам, мне здавалася, што гэтыя людзі ўсё пра мяне ведаюць. Мне было страшна», — казаў ён.
Акрамя таго, следства ўстанавіла, што Ігар Рогаў быў атрымальнікам пасылкі, выяўленай летам 2024 года ў адным з лагістычных цэнтраў у Польшчы, з кампанентамі для вырабу бомбы: нітрагліцэрынам, дэтанатарам у выглядзе павэрбанка і металічным тэрмасам з кумулятыўным кампанентам. Паводле слоў Рогава, ён мусіў толькі атрымаць пасылку, не ведаючы пра яе змесціва, па просьбе знаёмага, расійскага апазіцыянера Эміля Г., які таксама жыў у Польшчы. Ігар Рогаў сцвярджаў, што гэта была «звычайная паслуга». Паводле версіі пракуратуры, ён дзейнічаў разам з двума грамадзянамі Украіны і адным грамадзянінам Расіі. Службы бяспекі канфіскавалі пасылку на складзе кур’ерскай кампаніі ў Лодзьскім ваяводстве да таго, як яна трапіла да атрымальніка.
Акрамя шпіянажу яму інкрымінавалі ўдзел у адпраўцы пасылкі, што ўтрымлівала выбуховае рэчыва, і стварэнне пагрозы жыццю і здароўю людзей.
Як сцвярджаюць польскія СМІ, Ігар Рогаў прыбыў у Польшчу вясной 2022 года. Ён прэзентаваў сябе як апазіцыянера і казаў знаёмым, што арганізоўваў у Сілезіі мітынгі супраць улады Уладзіміра Пуціна. Паводле яго слоў, урад у Варшаве запрасіў яго ў краіну пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. У межах падтрымкі расійскай апазіцыі Рогаў здолеў скончыць навучанне па спецыяльнасці «інфарматыка», атрымліваў стыпендыю і сацыяльную дапамогу ў памеры 5000 злотых у месяц, а таксама жыллё ў інтэрнаце ў горадзе Сасноўец. Аднак, паводле даных Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, Рогаў быў завербаваны ФСБ яшчэ ў Расіі і працягваў актыўна супрацоўнічаць з ёй.
Ключавым момантам у расследаванні сталі паказанні Ірыны Рогавай, якая, даведаўшыся, што яе муж завёў раман з іншай эмігранткай з Расіі, пачала распавядаць у прыватных размовах, што Ігар на працягу многіх гадоў працаваў з пэўным супрацоўнікам ФСБ па імені Яўген. Пра супрацоўніцтва з ім Рогаў сам прызнаўся жонцы яшчэ «на першым або другім курсе» расійскага ўніверсітэта. Тады ён распавядаў ёй, што пісаў для ФСБ справаздачы з розных канферэнцый «Адкрытай Расіі».
Паводле WP Wiadomości, афіцэр ФСБ Яўген, які курыраваў Ігара Рогава, у некаторых дакументах фігуруе як Яўген Літко, які, меркавана, жыў у Германіі і адтуль жа кіраваў расійскай агентурай. Ці спрабавалі польскія службы вызначыць яго месцазнаходжанне, невядома.