Цела мужчыны без галавы знайшлі на беразе Нёмана
- 9.07.2026, 20:53
У міліцыі ўжо ёсць зачэпкі адносна таго, што магло адбыцца.
На беразе ракі Нёман у Гродне выявілі цела мужчыны без галавы.
У АСВОДзе распавялі пра пошукі яго чарапа, а ў міліцыі — пра магчымыя прычыны смерці.
Выратавальнікі паведамілі, што 8 ліпеня пасля атрымання афіцыйнага ліста ад праваахоўнікаў участак уздоўж Нёмана паблізу вуліцы Паповіча абследавала спецыяльная манеўрана-пошукавая група.
Паводле інфармацыі АСВОДу на раніцу 9 ліпеня, знайсці чарап, які можа належаць раней выяўленаму на беразе загінуламу, пакуль не ўдалося.
Пазней каментар далі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама. Міліцыя праводзіць праверку па факце выяўлення цела і высвятляе абставіны смерці мужчыны.
Папярэдне ўстаноўлена, што загінулы не меў пэўнага месца жыхарства. Ёсць інфармацыя, што ён начаваў у каналізацыйнай трубе, і яго цела вымыла моцнымі ліўнямі.
З моманту смерці, верагодна, мінуў больш за месяц, аднак гэта не канчатковая выснова.
Што да таго, што адбылося з галавой, таксама ёсць здагадка: яна магла адпасці падчас перамяшчэння цела з-за моцнага разкладання.
«Прыкмет гвалтоўнай смерці на целе не выяўлена, у сувязі з чым крымінальная версія таго, што адбылося, цяпер не разглядаецца», — заявілі ў УУС.
Дакладная прычына смерці і іншыя падрабязнасці будуць вызначаны па выніках правядзення комплексу праверачных мерапрыемстваў, адзначылі ў міліцыі.