Чарнобыль рыхтуюць да паўторнага нападу з Беларусі
- 10.08.2026, 7:39
Нямецкае выданне Der Spiegel даведалася падрабязнасці.
Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца да магчымога вяртання расійскіх войскаў у Чарнобыльскую зону, як гэта было першапачаткова падчас поўнамаштабнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі у 2022 годзе.
Пра гэта паведамляе Der Spiegel.
На пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія войскі занялі тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Цяпер яе кантралюе Украіна, аднак па ўсёй зоне ўкраінскія вайскоўцы рыхтуюцца да магчымых нечаканасцяў.
У прыватнасці, праз кожныя некалькі кіламетраў уладкаваны кантрольна-прапускныя пункты.
Таксама будаўнічая тэхніка рые траншэі і ямы ў пясчаным грунце. Выкапаны грунт выкарыстоўваюць для насыпаў на скрыжаваннях дарог.
Паводле Der Spiegel, пад пясчанымі ўзгоркамі ўжо абсталёўваюць абарончыя галерэі. Для іх сцен і столяў выкарыстоўваюць драўніну з навакольных сасновых лясоў.
Акрамя таго, будаўнікі ўсталёўваюць уздоўж дарогі высокія металічныя слупы і нацягваюць паміж імі пластыкавыя сеткі. Яны павінны перашкаджаць палётам беспілотнікаў, прымушаючы іх блытацца ў сетках. Такая тактыка ўжо выкарыстоўвалася на Данбасе.
У матэрыяле таксама звяртаюць увагу на блізкасць Беларусі да Чарнобыльскай зоны. Іх раздзяляе каля 15 км. У выпадку змянення сітуацыі Чарнобыль можа апынуцца ў зоне дасягальнасці FPV-дронаў.
Асобна Der Spiegel піша пра ахоўнае збудаванне над разбураным чацвёртым энергаблокам ЧАЭС. Пасля ўдару расійскага беспілотніка па ім украінцы залаталі пашкоджаную металічную абалонку.
Ахоўнае збудаванне было ўстаноўлена ў 2016 годзе для прадухілення ўцечкі радыеактыўных часцінак. Яно павінна было праслужыць 100 гадоў, аднак пасля ўдару расійскага беспілотніка ў лютым 2025-га ўжо не функцыянуе так, як планавалася. Тады ўнутры абалонкі адбыўся тлеючы пажар, які знішчыў мембрану.