Стваральнікі дронаў становяцца новымі мэтамі вайны Расіі і Украіны
- 10.08.2026, 11:49
Масква і Кіеў пачалі паляванне.
Вайна Расіі і Украіны паступова выходзіць далёка за межы лініі фронту. Кіраўнікі і інжынеры абаронных кампаній, асабліва звязаных з вытворчасцю дронаў, усё часцей становяцца патэнцыяльнымі мэтамі нападаў і разведвальных аперацый, піша Fox News (пераклад — сайт Charter97.org).
4 жніўня выбух аўтамабіля пад Екацярынбургам цяжка параніў кіраўніка «Уралдронзавода» Уладзіміра Ткачука. Ягоны вадзіцель загінуў. За некалькі дзён да гэтага ў Туле невядомы адкрыў агонь па Андрэю Чэразаву, звязанаму з абароннай прамысловасцю. Расійскія ўлады пры гэтым публічна не ўсклалі адказнасць за атакі на Украіну.
У Германіі тым часам затрымалі двух падазраваных у шпіянажы на карысць Расіі. Паводле звестак следства, яны маглі збіраць інфармацыю пра баварскага вытворцу дронаў і рыхтаваць замах на яго кіраўніка Штэфана Туманна. Раней амерыканскія і нямецкія спецслужбы заяўлялі пра зрыў меркаванай змовы супраць кіраўніка Rheinmetall Арміна Папергера.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць спецыялісты, здольныя хутка ствараць новыя пакаленні дронаў. «Пры цыкле абнаўленняў у 10–30 дзён ліквідацыя ключавога інжынера або заснавальніка можа імгненна сарваць пастаўкі і праграмы», — прыводзіць Fox News словы кіраўніка кампаніі Draganfly Кэмерона Чэлла.
Пераход да штучнага інтэлекту і аўтаномных сістэм робіць такіх спецыялістаў яшчэ больш важнымі мэтамі. Расія працягвае пераўзыходзіць Украіну па маштабах вытворчасці дронаў, аднак Кіеў захоўвае перавагу ў інавацыях і распрацоўцы новых рашэнняў.
«Тактыка Кіева больш прамалінейная, а Масквы — больш арганізаваная», — адзначае выданне.
На гэтым фоне абаронныя кампаніі ўзмацняюць фізічную ахову, кіберабарону і меры бяспекі для ключавых супрацоўнікаў. Вайна працягвае ператварацца ў супрацьстаянне, дзе ўдар па адным чалавеку здольны паўплываць на цэлы тэхналагічны ланцужок.