Пад Гроднам прадаюць сапраўдны «рыцарскі замак»
- 10.08.2026, 12:23
Дом размешчаны ў гістарычным парку XIX стагоддзя.
У Скідзелі прадаюць дом у сярэднявечным стылі, які больш нагадвае замак. Сапраўдны асабняк размешчаны ў цэнтры горада, на тэрыторыі сядзібнага парку XIX стагоддзя, побач з касцёлам 1870 года пабудовы, піша «Точка».
Дом плошчай 286 квадратных метраў (жылых — 152) стаіць на ўчастку ў 12 сотак. Уладальнік называе яго «домам для сапраўднага рыцара» — аркавыя і панарамныя вокны падтрымліваюць гістарычны воблік пабудовы.
Аб'ект размешчаны ў сядзібным парку Антонавічаў-Чацвярцінскіх, закладзеным напрыканцы XIX стагоддзя. Па суседстве — касцёл 1870 года пабудовы. У аб'яве гаворыцца, што сучасны дом пабудавалі на месцы, дзе раней знаходзіліся дом і двор каталіцкага святара.
На першым паверсе — гасціная каля 38 квадратных метраў, кухня-сталовая на 28 метраў, трэнажорная зала, більярдная, музычны пакой, санвузел і катэльня. Ёсць тэраса. На другім — пяць спален, кабінет і вялікі балкон. У гасцінай усталяваны печ-камін.
Адна з самых незвычайных дэталяў — старажытны цагляны падвал з аркавымі скляпеннямі. На ўчастку ёсць вялікі гараж і гаспадарчая пабудова. Жытло прадаецца без унутранай аддзелкі, з пячным ацяпленнем, ёсць электраэнергія.
Кошт нерухомасці — 259 459 рублёў (амаль $88 тыс. па курсе Нацбанка).
На фоне росту коштаў на нерухомасць гэта прапанова можа падацца прывабнай, асабліва для тых, хто шукае дом з гісторыяй і незвычайнай атмасферай.