«Нас аб’ядноўваюць памяць, салідарнасць і вера ў свабодную Беларусь»
- 10.08.2026, 15:12
У Беластоку адзначылі Дзень Годнасці — гадавіну пачатку рэвалюцыі ў Беларусі.
Пра гэта тэлеграм-каналу «Баста» распавялі арганізатары акцыі — Fundacja Tutaka і беларуская дыяспара Беластока.
«Праз шэсць гадоў пасля падзей 2020 года нас па-ранейшаму аб’ядноўваюць памяць, салідарнасць і вера ў свабодную Беларусь. Мы памятаем палітвязняў, рэпрэсаваных, вымушаных пакінуць краіну і загінулых за права беларусаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай Беларусі», — распавялі арганізатары акцыі.
Асаблівую атмасферу сустрэчы стварыў Алесь Дзянісаў, культавы беларускі фолк-панк-музыка, вакаліст легендарнага гурта «Дзецюкі». Яго песні пра Беларусь, гісторыю, свабоду і годнасць гучалі ў самым сэрцы Беластока.
«Дзякуй усім, хто быў сёння. За вашу салідарнасць, падтрымку і за тое, што мы працягваем памятаць і верыць у Беларусь без страху і рэпрэсій — свабодную, незалежную і беларускую», — сказалі арганізатары акцыі.