BE RU EN

Украіна наладзіла паляванне на СПА каля палаца Пуціна

  • 10.08.2026, 18:47

Ён знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад Геленджыка.

Узброеныя сілы Украіны паслядоўна знішчаюць расійскія сродкі супрацьпаветранай абароны ў раёне Геленджыка, дзе знаходзіцца «палац» Пуціна. 7 жніўня паблізу аб’екта была паражаная сістэма радыёэлектроннай барацьбы «Волна Купол Гарант», а праз два дні — размешчаны побач зенітна-ракетны комплекс С-400, піша The Moscow Times.

Знішчэнне ўстаноўкі РЭБ, размешчанай на тэрыторыі вайсковай часткі № 2156, пацвердзілі спадарожнікавыя здымкі. «Волна Купол Гарант» выкарыстоўваецца для падаўлення спадарожнікавай сувязі Starlink, забяспечваючы абарону тэрыторыі плошчай 20 км². Паводле слоў ваеннага аналітыка Яна Матвеева, сістэма эфектыўная супраць беспілотнікаў, аднак яе недахоп у тым, што яна па памерах «як невялікая вайсковая база і лёгка распазнаецца з паветра».

Знішчэнне РЭБ адкрыла ўкраінскім дронам шлях да С-400 у 500 метрах ад яе. Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм ЗСУ Роберт Броўдзі («Мадзяр») распавёў, што яны паразілі ЗРК, які запускаў адразу шэсць ракет, у ноч на 9 жніўня. Пажар на С-400 цягнуўся тры гадзіны. «Спадарожнікавы здымак паказвае знішчэнне як мінімум адной пускавой устаноўкі… Усё, цяпер «палац» Пуціна застаецца без абароны», — кажа Матвееў.

«Палац» Пуціна знаходзіцца на ўзбярэжжы Чорнага мора прыкладна ў 20 км ад Геленджыка. Комплекс плошчай 17,7 тыс. м² атрымаў шырокую вядомасць пасля расследавання заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Паводле ягоных звестак, на тэрыторыі аб’екта ёсць храм, хакейная пляцоўка, кінатэатр, караоке-кальянная, піўная, більярдная, некалькі рэстаранаў, басейн, аквадыскатэка, спа-цэнтр, сауны, турэцкія лазні, уласныя мяса-рыбны, гароднінны і дэсертны цэхі, склад лячэбнай гразі, бібліятэка, музычная гасцінная, верталётная пляцоўка і гэтак далей.

Над «палацам» устаноўлена беспалётная зона, а прылеглыя да яго 7 тыс. гектараў, як сцвярджалася ў расследаванні, належаць ФСБ. Кошт будаўніцтва комплексу ФБК ацэньваў як мінімум у 100 млрд рублёў.

Апошнія навіны