Хто гэтыя беларусы, якіх забралі на вайсковыя зборы з сельгасарганізацый
- 10.08.2026, 20:54
Не мінула і трох тыдняў, як Хрэнін выканаў даручэнне Лукашэнкі.
Яшчэ 21 ліпеня на селектарнай нарадзе кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адпраўляць у армію тых, «хто дрэнна працуе», не выконвае працоўную дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў перыяд жніўнай кампаніі, піша «Салідарнасць».
— Папрасіце Хрэніна, перадайце яму маё даручэнне: усіх, хто не ўмее працаваць, — у армію і на паўднёвую мяжу. У лес, — заявіў Лукашэнка.
10 жніўня Мінабароны паведаміла, што ў мэтах рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы ў адным з злучэнняў сіл спецыяльных аперацый стартаваў збор з прызывам ваеннаабавязаных.
Паведамляецца, што падчас збору, які зойме да 60 сутак, з ваеннаабавязанымі правядуць заняткі па аднаўленні ваенна-прафесійных навыкаў. Пасля праходжання курса навучання іх накіруюць у раёны выканання вучэбна-баявых задач.
У тэлеграм-канале Мінабароны апублікавана інтэрв'ю з працаўніком сельгасарганізацыі Аляксеем Клімовічам з Чэрвеньскага раёна.
— Раней пра вайсковую службу ведаў толькі па фільмах і серыялах. Тут усё ў навінку, — заявіў хлопец.
Пра тое, што на фота тыя, хто, на думку Лукашэнкі, не ўмее працаваць у сельскай гаспадарцы, Мінабароны прамаўчала, назваўшы ўдзельнікаў збораў ваеннаабавязанымі.