Цырк з'ехаў
- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 11.08.2026, 7:57
Якія думкі наводзіць сустрэча Лукашэнкі і Зюганава.
Кіраўнік Беларусі прыняў у сябе кіраўніка лубачнай партыі камуністаў Расіі Генадзя Зюганава. Абодва не хавалі радасці ад сустрэчы, завёўшы размову пра ўсё на свеце — ад сельскай гаспадаркі да «захаванага» Лукашэнкам машынабудавання.
Пры поглядзе на гэтую карцінку ў памяці ўсплывае вядомы выраз пра цырк, што з'ехаў. Партыя, як і той самы цырк, даўно ўжо з'ехала.
Але некаторыя яе функцыянеры не проста засталіся, а дагэтуль працягваюць паразітаваць на далёка не бездакорным савецкім мінулым.
«Вы падвоілі свой савецкі патэнцыял. Ваша дасягненне ў тым, што на базе найлепшага з савецкай эпохі дадавалі, прыбавлялі, нічога не выкідваючы і рухаючыся наперад. Вось гэта робіць вам гонар», — выдаў сумнеўны камплімент Зюганаў, дараючы Лукашэнку прывезеныя ў Мінск падарункі.
Спачатку былому лектару таварыства «Веданне» пад жарты пра «золата» партыі быў уручаны нагрудны знак лаўрэата Ленінскай прэміі ЦК КПРФ з выявай профілю Леніна на залатаватым фоне.
А потым і памятны медаль «100 гадоў Фідэлю Кастра» — красамоўны намёк на тое, куды нашу краіну можа прывесці шматгадовая барацьба Лукашэнкі з часам. Сённяшняя Куба — найяскравейшы прыклад таго, чым скончваюцца абяцанні не весці свой народ ўслед за цывілізаваным светам.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»