FT: Украіна атрымала рэальны шанец націснуць на Пуціна
- 11.08.2026, 8:36
Далёкасяжныя ўдары робяць уражанне на Крэмль.
Вайна РФ супраць Украіны ўсё больш набывае рысы супрацьстаяння ў паветры: масавае прымяненне беспілотнікаў практычна пазбавіла абедзве арміі магчымасці манеўраваць на фронце.
На гэтым фоне у Кіева з’яўляецца рэальны шанец націснуць на пуцінскі рэжым, прымусіўшы дыктатара сесці за стол перамоў. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Financial Times.
Выданне адзначае, што Украіна сёлета істотна павялічыла ўдары на сярэднія і далёкія адлегласці. Украінскія БПЛА і ракеты паражаюць расійскія ваенныя аб’екты, лагістыку, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і абаронныя заводы, у тым ліку ў Крыме. Пры гэтым галоўнай пагрозай для Украіны застаюцца расійскія балістычныя ракеты.
Паводле стану на сёння Расія здольная вырабляць каля 70 такіх ракет у месяц. Але толькі за мінулы месяц РФ выпусціла па Украіне 198 ракет.
FT падкрэслівае, што найбольш надзейнай абаронай ад балістычных удараў застаюцца амерыканскія сістэмы Patriot, аднак запасы ракет-перахопнікаў для гэтага ЗРК у Украіны вычарпаныя.
Выданне заклікае саюзнікаў тэрмінова перадаць Кіеву наяўныя запасы ракет і паскорыць вытворчасць новых. А сярод доўгатэрміновых варыянтаў — наданне Украіне ліцэнзіі на вытворчасць ракет для Patriot, што ўжо абмяркоўваецца амерыканцамі, развіццё еўрапейскіх сістэм SAMP/T NG і стварэнне новых, больш танных, праектаў.