«Гэта дэманічны рэжым, амерыканцы павінны ведаць праўду»
- 11.08.2026, 8:42
Прыхільніца Трампа Лора Лумер была шакаваная тым, што пачула ад вызваленых з палону ўкраінцаў.
Расійскія акупанты катуюць і здзекуюцца з украінскіх вайскоўцаў, якія трапляюць да іх у палон. Пра гэта ў сваім акаўнце ў сацсетцы X распавяла набліжаная да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа блогерка Лора Лумер.
Лумер адзначыла, што ва Украіне яна размаўляла з украінскімі вайскоўцамі, якія пабывалі ў палоне ў расійскіх акупантаў, і была шакаваная пачутым.
«Тое, што робяць з украінцамі ў расійскім палоне, павінна ўскалыхнуць кожнага жыхара Амерыкі. Іх катуюць электрычнасцю, заганяюць іголкі пад пазногці, сыплюць соль на раны… Іх мораць голадам, інсцэніруюць пакаранне смерцю… Расія называе сябе абаронцай хрысціянскай цывілізацыі. У расійскіх камерах катаванняў няма нічога хрысціянскага. Гэта дэманічны рэжым. Амерыканцы павінны ведаць праўду пра Уладзіміра Пуціна, хто ён насамрэч і што ён робіць з украінцамі», — напісала актывістка MAGA.
Лумер нагадала, што следчыя ААН задокументавалі 18 відаў катаванняў, якія расіяне ўжываюць да ўкраінскіх ваеннапалонных. Расійскія акупанты забілі больш за 140 украінцаў са звязанымі рукамі, калі тыя ўжо былі ў палоне. Яшчэ 439 украінцаў былі да смерці замучаныя ў расійскім палоне.
Нагадаем, Лора Лумер пабывала ва Украіне ў ліпені бягучага года. Яна ўзяла інтэрв’ю ў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, а таксама пабывала ў месцах, якія абстраляла акупацыйная расійская армія. Пасля гэтага Лумер змяніла сваё стаўленне да Украіны і да Расіі. Калі раней у яе былі прарасійскія погляды, то цяпер яна шчыра падтрымлівае Кіеў.